Этнамузыка на “вялікай сцэне” – смяротная небяспека, а не “перамога”

На Захадзе аўтэнтычны музычны фальклор спрабуюць зрабіць часткай музычнай індустрыі. Яго прадаюць шырокай аўдыторыі, якая дагэтуль слухала пост-панк, рэп, world music і іншую сучасную творчасць. У гэтым артыкуле разбяромся, чым гэты працэс пагражае самой этнамузыцы і ці варта рабіць такое ў Беларусі (спойлер: НЕ). Прапануем, якімі іншымі спосабамі можна дзейнічаць, каб захаваць этнічны стыль жывым.

Марс атакуе ў какошніках. Ва Ўсходняй Еўропе людзей з дзяцінства навучаюць сурагатнаму фальклору. Гэта вынік "папулярызацыі" ў пасляваенным СССР.
Марс атакуе ў какошніках. Ва Ўсходняй Еўропе людзей з дзяцінства навучаюць сурагатнаму фальклору. Гэта вынік “папулярызацыі” ў пасляваенным СССР.

– Што новага адбываецца з аўтэнтычнай народнай музыкай? Якая такая “вялікая сцэна”?

Новыя падыходы да аўтэнтычнага фальклору ў сусветным маштабе, што пашыраюцца прыблізна з 2010 г., апісаныя ў артыкуле Булата Халілава за 2020-04-24. Калі каротка, яны зводзяцца да наступнага.

  • Аўтэнтычных ― то бок, сапраўдных, не “навучаных-для-сцэны” ― народных музыкаў і спевакоў (найперш з Азіі, Афрыкі, Акеаніі) сталі запрашаць выступаць на буйных шматстылевых фестывалях. То бок, на падзеях з разнастайнымі выступоўцамі і аўдыторыяй, а не спецыялізаваных фольк-фэстах.
  • Запісы такіх музыкаў сталі ставіць у эфіры вядомых “прагрэсіўных” радыёстанцый.
  • Іх запісы сталі выдавацца ў выглядзе альбомаў нароўні са звычайнымі сучаснымі гуртамі.
Асік Наргіле, азербайджанская аўтэнтычная казачніца, выступае ў клубе авангарднай музыкі ў Лондане (фота Давіда Ласкоўскага).
Ашык Наргіле, азербайджанская аўтэнтычная казачніца, выступае ў клубе авангарднай музыкі ў Лондане (фота Давіда Ласкоўскага).

У выпадку Беларусі гэта выглядала б так. Вясковы спеўны гурт з 60-80-гадовымі ўдзельнікамі, які прытрымліваецца старажытнага стылю і рэпертуару, выконвае сваю праграму на фестывалі “Рок за Баброў”; круціцца ў эфіры радыё “Сталіца” (не прагрэсіўнае, але хай сабе…); прадае свае альбомы на Bandcamp і Google Play Music.

Мы мяркуем, што такі выхад аўтэнтыкі на “агульную, вялікую” сцэну не з’яўляецца нагодай для радасці прыхільнікаў этнічных стыляў і не вядзе да захавання і распаўсюду гэтых стыляў. Наадварот, такая публічнасць можа даць дадатковы штуршок да іх канчатковага знікнення.

– Няўжо? Але чаму?! Чым гэта дрэнна для аўтэнтыкі?

Логіка моды

Тут ад самага пачатку трэба заўважыць, што пералічаныя з’явы адбываюцца найперш на Захадзе і для заходняй аўдыторыі. Менавіта ім прывозяць этнамузыкаў з “экзатычных” мясцінаў.

Прасоўванне чыстай аўтэнтыкі праз фестывалі, радыё і лэйблы з’яўляецца часткай шоў-бізнэсу і скіравана найперш на атрыманне прыбыткаў. Але чаму аўтэнтычны фальклор? Таму што ў свеце моды і спажывецтва аўдыторыю трэба пастаянна падаграваць нейкімі цікавосткамі-навінкамі. І чым далей, тым больш дзіўнымі, “заморскімі”, “дзікунскімі”, “старажытнымі” (ці наадварот, “звышсучаснымі”), “тагасветнымі”, “іранічнымі” павінныя быць гэтыя навінкі. (Звярніце ўвагу на саму назву артыкула, на які мы спасылаемся вышэй: іранічнае “Вельмі прыгожа, але я нічога не зразумеў”.)

Лакха Кхан, індыйскі аўтэнтычны музыка і казачнік, за кулісамі на фестывалі "Le Guess Who?" (фота Мелані Марсман).
Лакха Кхан, індыйскі аўтэнтычны музыка і казачнік, за кулісамі на фестывалі “Le Guess Who?” (фота Мелані Марсман). 

І ў логіцы капіталу гэтыя навінкі павінны змяняць адна адну, інакш аўдыторыя засумуе і стане менш плаціць. Гэта азначае, што сёння мода на world music зменіцца модай на чыстую аўтэнтыку, а заўтра наступіць мода на нешта новае, больш хіпстарскае, заморскае і іранічнае. А чыстая аўтэнтыка пойдзе ў архівы. Гэта ў лепшым выпадку.

Выцісканне сурагатам

Калі з’ява сапраўды стане масавай, то магчымы горшы выпадак. Калі пік моды пройдзе, “куратарам” аўтэнтычных выканаўцаў будзе хацецца пашырыць сваю плацежаздольную аўдыторыю ― за кошт больш “кансерватыўных” старэйшых людзей і проста за кошт больш “нармальных”, “менш-хіпстараў”. Для гэтага давядзецца заахвочваць выканаўцаў да супрацы з сучаснымі кампазітарамі і аранжыроўшчыкамі. Навошта? Каб стварыць “больш чалавечыя”, больш спажывецкія версіі этнічнай музыкі, але прадаваць іх пад выглядам “сапраўднай аўтэнтыкі”.

Навошта такое рабіць? Таму што чыстая архаічная аўтэнтыка ўсё-ткі зробленая не для слухача і яго асалоды, а для выканання ў пэўных абставінах (на рэлігійных святах, на вечарынках і г.д.). Этнамузыка функцыянальная, а не спажывецкая. Для “нармальнага” гарадскога слухача яна нездаровая: “нудная”, “эмацыйна цяжкая”, “рэзкая”, “пустая і беззмястоўная” ды папросту незразумелая.

Але калі праз моднасць сярод “прагрэсіўнай” аўдыторыі чыстая аўтэнтыка набудзе статус “прагрэсіўнай”, “элітарнай”, то яе можна будзе шырока прадаваць у такой якасці. 🙂 Толькі спачатку спатрэбіцца стварыць яе фальшывыя версіі: узяць звыклыя рок- і поп-асновы, а на іх накласці знешнія, фасадныя прыкметы аўтэнтыкі (у гучанні, у тэкстах, у знешнім выглядзе музыкаў). Тады масавы слухач зможа думаць, што ён плаціць за нешта “элітнае”, і пры гэтым без болю спажываць гэты прадукт, бо ён насамрэч зроблены звыклым для вуха.

Пашырэнне такога сурагату прывядзе да знікнення рэальнай аўтэнтыкі з поля ўвагі аўдыторыі, а потым і з поля ўвагі музыкаў. Па выніку сурагат будзе лічыцца сапраўдным фальклорам, а калі хтосьці паспрабуе гэта публічна выкрываць, то ўсе палічаць яго вар’ятам. І вярнуць рэальны этнічны стыль у поле ўвагі людзей будзе яшчэ цяжэй, чым раней.

Класічная бутафорыя. Гурт Dimmu Borgir акцэнтуе знешнюю металічную "крутасць", "зло" і "дамінацыю", але грае рок-музыку, замаскаваную пад метал.
Класічная бутафорыя. Гурт Dimmu Borgir акцэнтуе знешнюю металічную “крутасць”, “зло” і “дамінацыю”, але грае рок-музыку, замаскаваную пад метал.

Прыблізна гэтак адбылося з метал-музыкай. Каля 1990 г. яна набыла свой “чысты” выгляд, канчаткова “вызваліўшыся” ад сімптомаў рок-музыкі. Тады ж яна выйшла на “вялікія” сцэны і перажыла пік сваёй папулярнасці сярод “прагрэсіўных” і “нязгодных” людзей. Калі гэты пік прайшоў, але своеасаблівы “бунтарска-элітны” статус захаваўся, пачалася манетызацыя праз сурагат. Кампаніі-выдаўцы і прадусары сталі заахвочваць гурты вяртаць у музыку звыклыя для шырокай аўдыторыі рок-элементы, каб прадукт лягчэй спажываўся масавым слухачом, але пры гэтым мог прадавацца пад выглядам чагосьці “статуснага”, з захаваннем і нават максімізацыяй вонкавых пафасных атрыбутаў. Праходзіць пакаленне ― і нормай металу ўжо лічыцца саладжавы поп-панкавы As I Lay Dying, а не змрочна-касмічны ранні Darkthrone.

Чаму нельга лічыць такую эвалюцыю традыцыяй, то бок, працэсам перадачы чагосьці каштоўнага наступным пакаленням? Таму што пры такой сурагатнай творчасці адбываецца вонкавая, бутафорская, а не ўнутраная стылізацыя новых твораў пад старыя. Фасадныя, часта ілюзорныя рысы дэманстрацыйна захоўваюцца, а сярэдзінныя, глыбінныя прынцыпы адкідваюцца і замяняюцца на іншыя.

Уласна кажучы, сурагатная замена ўжо адбылася з этнамузыкай у СССР, у т.л. і ў БССР. Толькі яна ішла не ў капіталістычных, а ў сацыялістычных умовах, з іншымі асаблівасцямі. Вынікам пасляваеннай папулярызацыі “зверху” стала стварэнне гратэскных, безгустоўных версіяў народнага стылю ў сістэме “установаў культуры”. На сёння людзі пераважна ўяўляюць беларускую народную музыку як штосьці развясёлае, з полькавым рытмам “уц-уц”, гранае на блатных акордах, і выконваць гэта павінныя людзі ў аднолькавых кіслотных фабрычных строях з пародыяй на вышыванне, робячы вяскова-наіўныя рухі рукамі. Канечне, ва ўмовах логікі капіталу этнамузыка ператворыцца не менавіта ў такое, але ў нешта настолькі ж пачварнае.

Прапануем прыклад такой творчасці ў відэа ніжэй. Будзьце асцярожныя, гэтыя песні таксічныя, “прыставучыя”, па-свойму шэдэўры, вы іх ужо не “расчуеце” назад. Большасць (славянскага) насельніцтва былога СССР уяўляе сабе народную музыку вось так.

Камерцыялізацыя

Наступнай небяспекай з’яўляецца камерцыялізацыя. У артыкуле Булата Халілава адзначаецца, што этнічныя выканаўцы пачынаюць атрымліваць ганарары за выступы і запісы, гэтак жа, як і звычайныя сцэнічныя музыкі. Гэта прывядзе да таго, што займацца сваёй музыкай без грошай або не-для-грошай (як гэта адбываецца ў архаічнай этнічнай культуры) выканаўцам будзе хацецца ўсё менш. Іх будзе цягнуць да сцэны, да выступаў перад спажыўцамі, а не перад сваёй грамадой. Гэтак этнамузыка будзе выцягвацца прэч з таго асяроддзя, дзе яна існавала натуральным чынам. І будзе практыкавацца ўсё больш як забаўляльная, усё менш як уласна этнічная, функцыянальная.

Пакіданне натуральнага асяроддзя

Выходзячы ў шоў-бізнэс, этнічная музыка трапляе ў асяроддзе існавання, радыкальна адрознае ад свайго натуральнага. Яна выходзіць у свет, дзе людзі дзеляцца на выканаўцаў і спажыўцоў мастацтва. У свет, дзе пануе мода і дзе шматлікія стылі існуюць у выглядзе зменлівай мяшанкі.

Яна ня зможа жыць у такіх умовах, таму што яе роднае асяроддзе зусім іншае. Гэта асяроддзе грамады, аб’яднанай супольнай мовай, эстэтыкай, этыкай, кроўным паходжаннем і г. д. У ім няма падзелу на гледачоў і прафесійных блазнаў. Праз гэта ўсё ў ім ёсць толькі адзін стыль ― свой уласны.

Этнамузыка створаная на аснове культуры зусім несучаснага тыпу ― дысцыплінаванага, рэлігійнага, сямейнага. І такім тыпам культуры яна падмацоўваецца. Калі гэтую музыку дастаць з такога асяроддзя і перанесці ў мультыкультурны моладзевы тусняк, яна будзе знішчаная.

Вокладка альбома Устада Саамі, пакістанскага носьбіта старажытнай спеўнай навукі.
Вокладка альбома Устада Саамі, пакістанскага носьбіта старажытнай спеўнай навукі.

Увогуле, пераходзячы з закрытых супольнасцяў у свет гарадской масы, мы пераходзім са свету стылю ў свет моды. То бок, любы стыль там будзе знішчаны. Гэта тычыцца і стыляў субкультураў: яны знікаюць, калі становяцца “здабыткам” масы. Нармальны сучасны спажывец не аддае перавагу нечаму аднаму (аднаму стылю); ён любіць “усяго патроху”, “рознае”, “у залежнасці ад настрою”, “без абмежаванняў”.

Выхад чыстага фальклору на “вялікую” сцэну ўяўляецца як яго апошні ўздых перад распусканнем у нябыце сучаснасці. І калі ёсць жаданне захаваць этнічныя музычныя стылі і збудаваць ім будучыню, то трэба дзейнічаць не так. А як? Пра гэта трохі ніжэй.

– Дык а што наконт Беларусі? Калі ў нас гэткае рабіць, то гэта таксама нашкодзіць?

Як ужо было сказана, Беларусь перажыла выцісканне рэальнай этнамузыкі сурагатам у пасляваенны час, пад савецкім “камандаваннем”. На сёння аўтэнтычных носьбітаў этнамузыкі вельмі мала, і ўсё гэта пажылыя вяскоўцы. Вывесці іх на “агульную” сцэну ў Беларусі можна, але камерцыйнага плёну гэта ня дасць. Чаму? З аднаго боку, у нас няма вялікай “прагрэсіўнай” плацежаздольнай хіпстарскай аўдыторыі. З другога боку, вясковы беларускі фальклор наўрад ці ўразіць мясцовага хіпстара гэтак жа моцна, як філіпінскі ці тувінскі ― заходняга. Нарэшце, у межах РБ няма шоў-бізнэсу ў заходнім разуменні слова, і тут увогуле мала каму ўдаецца раскручвацца і зарабляць.

Тэарэтычна можна было б вывозіць беларускія аўтэнтычныя гурты на тыя ж заходнія фестывалі, але наўрад ці: пажылыя людзі не настолькі мабільныя і гатовыя да гастрольнага жыцця. На Захадзе іх можна манетызаваць хіба толькі праз продажы аўдыязапісаў. Бізнэс-мадэль “продаж на Захад” калісьці была ў куратараў тувінскага гурта Huun-Huur-Tu ― ня ведаем, наколькі гэта было прыбыткова.

Такім чынам, калі нехта паспрабуе выводзіць нашых аўтэнтычных этнамузыкаў на “агульную”, шматстылёвую сцэну ў межах РБ, тут ня зменіцца нічога. Ня будзе ні шкоды, ні карысці для этнастылю. Папулярнай чыстая аўтэнтыка ня стане, зарабіць на ёй тут не атрымаецца. Яна толькі працягне павольна адыходзіць разам з апошнімі жывымі носьбітамі.

Задні бок вокладкі першага альбома Huun-Huur-Tu (1993 год). Міжнародны маркетынг нацыянальнага каларыту.
Задні бок вокладкі першага альбома Huun-Huur-Tu (1993 год). Міжнародны маркетынг нацыянальнага каларыту.

– Ну, добра, дапусцім, выхад аўтэнтыкі на “вялікую” сцэну да дабра не давядзе. А што ВЫ прапануеце? Што ТРЭБА рабіць, каб працягнуць жыццё этнічных музычных стыляў?

Спачатку яшчэ раз заўважым, што ня трэба займацца “папулярызацыяй”. Яна ёсць перажыткам савецкіх фармалістычных уяўленняў пра культуру. У РБ досыць шмат людзей дзясяткі гадоў займаецца “папулярызацыяй” аўтэнтыкі ― і ў маштабе грамадства гэта дало вынік “каля нуля”. Затое сурагат кшталту “азбукі беларускіх арнаментаў” распаўсюджваецца ў грамадстве вокамгненна.

Для тых, хто хоча працягу жыцця сапраўднага беларускага музычнага стылю, прапануем тры магчымыя кірункі дзеянняў. Збольшага яны вельмі цяжкія ― але ж і мэта маштабная!

1) Працяг архаічнай музычнай творчасці

Ствараць і распаўсюджваць новыя творы, напісаныя цалкам у існуючых аўтэнтычных стылях і з такім жа гучаннем. (То бок, напрыклад, новыя абрадавыя песні, новыя танцы.) Але пажадана прывязаныя да патрэбаў сучаснасці. 

Гэта самы лёгкі шлях з гледзішча творчасці, але самы малаэфектыўны з гледзішча распаўсюду. Бо чысты этнастыль на сёння ня зможа знайсці масавую аўдыторыю: ён не прызначаны для слухача, ён прызначаны для выканання. 

Масава запатрабаванай такая творчасць стаць ня можа. …Ну добра, можа, але для гэтага давядзецца: а) навярнуць грамадства ў старое паганства ― менавіта ў ім шырока выкарыстоўваецца этнічная музыка; б) адкаціць грамадства ў даэлектрычны тэхналагічны ўклад, каб жывыя спевы і гранне зноў сталі асноўным спосабам пачуць музыку. Наколькі гэта ажыццяўляльна і патрэбна, ацаніце самі.

2) Сучасная творчасць з пакрыёмай, “унутранай” стылізацыяй

Ствараць цалкам новыя, свае творы ў сучасным гучанні і для сучасных патрэбаў (слухацкае задавальненне), але пры гэтым у іх музыцы пераймаць стыль этнічнай музыкі ― у прыватнасці, стыль мелодый, рытмічныя малюнкі, памеры. Пры гэтым знешне ні ў чым не паказваць іх сувязі з этнамузыкай.

Гэта больш перспектыўна, бо такая творчасць можа мець адчувальную масавую аўдыторыю. Але гэта і цяжэй зрабіць, бо патрабуецца вялікая праца кампазітараў і аранжыроўшчыкаў вельмі высокай кваліфікацыі і вялікага таленту. У Беларусі такога роду творчасцю не займаецца ніхто. Але калі ўрэшце нехта возьмецца, то можа назаўжды ўвайсці ў гісторыю нацыянальнай, а то і сусветнай музычнай культуры.

Трошкі паяснім. На Беларусі багата музыкаў, якія працуюць з фолькам. Але ўсе яны, ад Троіцы да Пярэваратня, ад Guda да Патрыцыі Свіцінай, займаюцца творчасцю, прынцыпова адрознай ад апісанага вышэй. Яны або перадаюць чыстае гучанне існуючых аўтэнтычных твораў, або робяць іх апрацоўкі ― кавер-версіі і “рэміксы” на гэтыя творы. Такая творчасць накіраваная ў мінулае, а не ў будучыню. Аналогія: The Beatles ці Red Hot Chili Peppers ніколі б ня сталі сусветна вядомымі гуртамі, калі б не стваралі сваё, а абмежаваліся б граннем кавер-версіяў на песні іншых гуртоў.

Заўважым таксама, што “ўнутраную” стылізацыю ў сваёй творчасці выкарыстоўваў гурт Gods Tower. Але яны працавалі не з народнай музыкай, а з “Полацкім сшыткам” ― барока позняга ВКЛ. Вось іх уласная песня, пабудаваная вакол адной з барочных мелодыяў:

А вось барочны твор, з якога ўзятая гэтая мелодыя (выкананне Старога Ольсы):

3) Масавае выхаванне насельніцтва на этнастылі

Выхоўваць новыя пакаленні, моцна і цэнтралізавана “напампоўваючы” іх гістарычна праўдзівымі ўзорамі этнічнага стылю. З разлікам, што яны, калі вырастуць, то арганічна, самі, ненаўмысна, будуць ствараць новую, сучасную музыку, але пад уплывам этнастылю. 

Гэты варыянт самы эфектыўны і “доўгатэрміновы”: ён дае адразу масу людзей, выхаваных на патрэбных стылях, і з яе можа выйсці шмат кампазітараў, якія будуць працягваць гэтыя стылі. Але відавочна, што гэты шлях і самы складаны, практычна неверагодны. Ён патрабуе вялікіх і амаль немагчымых палітычных пераменаў: а) прыходу да ўлады ў краінах нацыяналістаў, што абапіраюцца сярод іншага на этнакультуру і масава прасоўваюць яе; б) дэглабалізацыі, павелічэння гаспадарчай і культурнай ізаляцыі краінаў, каб паменшыўся ўплыў глабальнай поп-культуры.

А нават калі ўсе гэтыя змены адбудуцца і этнічны музычны стыль стане дамінаваць у дзіцячых садках і сярэдніх школах, то нейкага выніку мы дачакаемся толькі дзесьці праз пакаленне ― калі гэтыя дзеці вырастуць і пачнуць актыўна ствараць сваю музыку.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.