1. “Навошта мне ўвогуле гэты ваш архіў?”
Вольны архіў дае вам наступныя магчымасці.
1.1. Шукаць у архіве і атрымліваць матэрыялы этнаграфічных даследаванняў (аўдыя, відэа, фота) па патрэбнай вам тэме і рэгіёне Беларусі.
Шукаць матэрыялы трэба па Змесце архіву, у т.л. па карце. У Змесце раздзелы 1 і 2 ― гэта пэўнага кшталту “картатэкі”, апісанні фондаў. У іх можна шукаць этнаграфічныя запісы па патрэбнай тэме і мясцовасці, дзякуючы цэтлікам і геаграфічнаму падзелу.
Знайшлі штосьці цікавае для сябе? Напрыклад, хацелі б праслухаць нейкае інтэрвію ці фрагмент? Нейкую песню? Ці хацелі б атрымаць усе запісы з пэўнай вёскі? Зрабіце заяўку пра сваю патрэбу, звязаўшыся з намі любым спосабам, пажадана пісьмовым (гл. кантакты). Мы разгледзім заяўку і падзелімся з вамі патрэбнымі матэрыяламі. Або звяжам вас з праваўладальнікамі (у залежнасці ад акалічнасцяў).
Гэта бясплатна і заўжды будзе бясплатна.
1.2. Падзяліцца сваімі матэрыяламі з усімі жадаючымі.
Вы маеце свае этнаграфічныя запісы, якімі гатовыя падзяліцца з людзьмі? Паведамляйце нам пра гэта любым спосабам (гл. кантакты). Занясём вашыя матэрыялы ў фонды Вольнага архіву. Перадаваць нам самі файлы ці носьбіты пры гэтым не абавязкова.
2. Як шукаць у архіве?
Вам будзе лягчэй зразумець, як шукаць, калі вы паадкрываеце спасылкі ў Змесце архіву і азнаёміцеся з тым, як арганізаваныя апісанні фондаў.
2.1. Пошук па тэматычных цэтліках у зводах вопісаў.
Найбольш сістэматызаваныя матэрыялы апісаныя ў дакументах тыпу “звод вопісаў”. Яны знаходзяцца па спасылках у 3-ім і 5-ым слупках табліцы ў раздзеле 2 “Экспедыцыі” і па некаторых спасылках у раздзеле 1 ”Фонды”. Вось адзін з такіх зводаў.
Кожны звод вопісаў тычыцца нейкага аднаго віду дакументаў (аўдыя, ці відэа, ці фота, ці цвёрдых дакументаў). Звод уяўляе сабой Google-табліцу з дзвюма закладкамі: “ВОПІСЫ” і “ЦЭТЛІКІ” (пераключаюцца ўнізе экрана).
На закладцы “ВОПІСЫ” прыводзяцца спісы этнаграфічных адзінак, што складаюць дадзены фонд. Адна этнаграфічная адзінка ― гэта, напрыклад, адзін фрагмент гутаркі на пэўную тэму, ці адна песня, ці адзін фотаздымак, ці адзін тэкст з рукапісу.
На закладцы “ЦЭТЛІКІ” прыводзяцца спісы ўсіх цэтлікаў ― ключавых словаў, вылучаных намі пры стварэнні вопісаў гэтага фонду. Цэтлікі адносяцца да розных тэмаў этнаграфічнага даследавання. Часам цэтлікаў вельмі шмат, таму трэба пракручваць аркуш уніз і ўправа, каб убачыць усе.
Па гэтых цэтліках можна весці пошук на закладцы “ВОПІСЫ” адпаведнага зводу. Проста бярэце жаданы цэтлік ― напрыклад, “песня жніўная” ― і ўводзіце яго ў тэкставы пошук па вопісах (<Ctrl + F> для Windows; можна таксама праз меню: Edit -> Find and replace…). Пошук вылучыць вам усе месцы ў вопісах, дзе ёсць “песня жніўная”. Прыклад пошуку глядзіце на выяве 1.
Зрэшты, па вопісах можна спрабаваць шукаць і любыя іншыя словы (лепш асновы і карані словаў) апрача цэтлікаў.

2.2. Пошук па тэме ў табліцах справаздач.
У табліцах экспедыцыйных справаздач і вопісах сабраных дакументаў (2-і і 4-ы слупкі табліцы ў раздзеле 2 “Экспедыцыі”) спісаў цэтлікаў не прадугледжваецца. Гэта больш агульныя дакументы. Шукаць па іх звесткі з патрэбных тэмаў можна праз тэкставы пошук (<Ctrl + F>) адвольных словаў ці простым чытаннем.
Кожны дакумент тыпу “табліца справаздач” (вось прыклад) адлюстроўвае агульныя звесткі пра ўсе блокі даследавання адпаведнага фонду. Адзін блок даследавання ― гэта, напрыклад, адно інтэрвію, ці адна сесія здымкі ландшафту, ці абследаванне адных могілак. У агульным выпадку любы блок даследавання мае адпаведныя аўдыя-, відэазапісы і фотаздымкі, па якія можна звяртацца да нас.
2.3. Пошук па рэгіёне.
Першаснае размеркаванне матэрыялаў па раёнах Беларусі ёсць у раздзеле 2 “Экспедыцыі” ― у саміх назвах экспедыцый. Геаграфічнае размеркаванне, натуральна, ёсць і на карце этнаграфічных звестак, але на яе пакуль нанесеная толькі частка матэрыялаў. Нарэшце, у зводах вопісаў і ў табліцах справаздач указваюцца раёны і населеныя пункты для ўсіх уключаных туды матэрыялаў, і па іх можна шукаць тэкставым пошукам (<Ctrl + F>).
У вас засталіся пытанні? Звяжыцеся з намі.