Танец пад назвай “падыспань” (“падыспан”, “падэспань”) папулярны ў асяродках этнографаў-аматараў і этнарэканструктараў у Беларусі, Украіне, Расеі. І ў гэтых асяродках, і па-за імі многія лічаць яго “народным” і нават “традыцыйным”. Між тым, на пачатак XX ст. гэты танец у самім народзе не ўспрымаўся як свой. Чаму так? Давайце паглядзім на ягонае паходжанне.
Для пачатку прывядзём відэа простага, “народнага” варыянта падыспаня. Прычым у сучасным выкананні звычайнымі людзьмі, “непрафесіяналамі”. Гэтак ці прыблізна гэтак яго гуляюць па ўсёй постсавецкай тэрыторыі, у т.л. ў Беларусі, у т.л. этнографы-рэканструктары.
Арыгінальная версія таго, што ў Беларусі завецца “падыспань”, была створаная ў Маскве каля 1900 г. Найгрыш і рухі танцу прыдумаў артыст балету Аляксандр Царман. Рэальная назва танцу ― “Pas d’Espagne” (“іспанскі крок” па-французску).
“Pas d’Espagne” быў адным з многіх “салонных” танцаў расейскіх дваранаў і буржуа. Салонны танец ― гэта танец з невялікай колькасці простых і “кампактных” рухаў (у параўнанні з бальнымі танцамі), якія цыклічна паўтараюцца. Такі танец выконваецца адной парай ці групай з некалькіх параў. Моду на салонныя танцы расейскі бамонд пераняў з Захаду. Яны сталі запатрабаваныя з распаўсюдам танцавальных вечарынаў у адносна невялікіх памяшканнях свецкіх прыватных салонаў (гэта штосьці накшталт гарадскіх элітных клубаў).
Першая прэзентацыя танцу была зробленая Царманам у маскоўскім доме Высакароднага сходу (“Благородного собрания”) перад мясцовым бамондам. На той час танец меў большую колькасць фігураў і больш складаныя рухі, вытрыманыя ў стылі іспанскіх танцаў. Відэа таго варыянта мы не знаходзім, але захавалася пара фотаздымкаў і арыгінальны найгрыш:
А вось відэа са спробай (дзіўнаватай) рэканструкцыі арыгінальнага варыянта:
Наступнае відэа паказвае яшчэ адзін “высакародны”, хоць і спрошчаны варыянт падыспаня:
А што ж народ? Па вёсках на тэрыторыі Расейскай Імперыі хутка разышліся спрошчаныя, “абнародненыя” варыянты першапачатковага танца (самы папулярны гл. ў першым відэа), хаця стылістычна іх рухі ўсё ж выразна адрозніваюцца ад уласна народных танцаў. “Абнародненыя” варыянты выконваюцца пад найгрыш, блізкі да арыгінальнага. Народныя прыпеўкі пад падыспань адпавядаюць найгрышу; яны ад пачатку былі па-руску:
Падеспанчик ― весёленький танчик,
Его очень легко танцевать.
Падеспанчик ― хорошенький мальчик,
Его очень легко целовать.
* * *
Жена мужа в Рязань провожала,
Говорила ему «не скучай»,
А сама с казачком танцевала
Падеспань, падеспань, падеспань.
Прыпеўкі пад падыспань, што фіксуюцца ў Беларусі, збольшага таксама рускамоўныя ці трасяначныя.
На сёння ў публічнай прасторы згадкі падыспаня пастаянна фігуруюць побач са словазучэннямі кшталту “народныя традыцыйныя танцы”, “харэаграфічныя традыцыі”, “нашыя танцы!” Месцамі ён наўпрост называецца “традыцыйным беларускім (украінскім, рускім) танцам”. Падыспань сістэматычна гуляецца людзьмі ў народных строях, якія “адраджаюць спрадвечныя традыцыі”. Паглядзіце, напрыклад, на ўкраінскі майстар-клас па падыспані; або на гэты карэльскі варыянт:
Падыспань быў створаны ў колах маскоўскага бамонду на мяжы XIX і XX стст., і лічыць яго нацыянальным традыцыйным танцам абсурдна. Бюргеры і дваране “адзінай і непадзельнай” імперыі клаліся б покатам ад смеху, калі б даведаліся, што праз стагоддзе беларускія і ўкраінскія адраджэнцы будуць у вышываных кашулях гуляць іхны модны танец, уважаць яго за свой уласны і ганарыцца ім.
Для беларусаў, як і для ўкраінцаў, як і для нетытульных народаў Расеі, падыспань ― гэта не спараджэнне ўласнай традыцыі. Гэта спараджэнне каланіяльнай моды і імкнення простага люду імітаваць культурныя ўзоры кіруючай эліты. Гэта спрошчаная версія таго, што гулялі сталічныя “гаспада”.
Як адзначаў Уладзімір Бярбераў, у пачатку XX ст. Янка Купала ў камедыі “Паўлінка” высмейваў псеўда-высакароднага беларуса (персанаж Адольф Быкоўскі), які выказвае жаданне гуляць не “мужыцкія”, а выкшталцоныя танцы, сярод якіх быў і “падзі-спаць”.
Адной з прычынаў таго, што падыспаню прыпісваецца традыцыйнасць, з’яўляецца рэканструктарскае мысленне. Яно ўласцівае ня толькі самім рэканструктарам, але часам і сур’ёзным навукоўцам і грамадскім дзеячам. Як працуе рэканструктарскае мысленне?
- Яно імкнецца выбіраць нейкі гістарычны перыяд і прымаць яго за эталон правільнасці. “Усё павінна быць вось так, як было вооось тады.” (Напрыклад, “сапраўдная беларуская культура ― гэта сялянская культура канца XIX ― пачатку XX ст.”)
- Яно абсалютызуе гістарычныя прыватнасці, асабліва калі тыя добра задакументаваныя. Так, калі зафіксавана, што сяляне ў “эталонным” перыядзе спявалі ў тым ліку і рускамоўныя прыпеўкі ― то і правільныя беларусы павінны так рабіць. І калі ў “эталонным” перыядзе побач з беларускімі гуляліся маскоўскія ці польскія запазычаныя танцы, то і правільны беларус мусіць рабіць тое ж. А зважаць на небеларускае паходжанне гэтых культурных узораў нельга, інакш “парушаецца гістарычная праўдзівасць”.
Гэтае мысленне роднаснае і тым механістычным уяўленням пра культуру, той абсалютызацыі знешняй формы, якія з савецкіх хрушчоўскіх часоў і па сёння пануюць у арганізацыях у культурнай сферы. З такога мыслення вырастаюць “кодэксы аб культуры” (!!) і ўстановы, у якіх “навучаюць культуры”; а з іншага боку ― імкненне постмадэрнавага індывіда “ўласным рашэннем выбраць сваю культурную прыналежнасць”.
* * *
Акрамя падыспаня, вы можаце сустрэць і іншыя танцы, якія выдаюцца за традыцыйныя беларускія (украінскія), але такімі не з’яўляюцца. Будзьце пільныя! 🙂 Ці хочаце вы, каб нашая культура мела цывілізацыйную каштоўнасць ды й папросту працягвала існаваць? Тады нам спатрэбіцца весці сваю культурную экспансію, а не быць прасторай для экспансіі іншых.