Складанка “Народная інструментальная музыка Беларусі” (частка 2)

Гэты допіс пазнаёміць вас з 2-ім раздзелам аўдыявыдання ”Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)”. Раздзел складаецца з каляндарна прымеркаваных найгрышаў. Апроч саміх аўдыязапісаў і каментароў І.Дз. Назінай да іх, у допісе закранаем прыкметы архаічнай музыкі і гісторыю скрыпкі ў Беларусі.

На скрыпцы грае М.А. Шкадун (Гомельская вобл., Лельчыцкі р., в. Глушкавічы).
На скрыпцы грае М.А. Шкадун (Гомельская вобл., Лельчыцкі р., в. Глушкавічы).

Частка 2 – Каляндарна прымеркаваныя найгрышы

Народныя “кавер-версіі”

Раздзел “Каляндарна прымеркаваныя найгрышы” з гледзішча рэгіянальнага прадстаўніцтва атрымаўся амаль ідэальным: 6 прыведзеных запісаў узятыя з 5 розных вобласцяў Беларусі (глядзіце рэгіянальную прыналежнасць запісаў у іх пашпартах у прайгравальніку ці ніжэй, у каментарах стваральніцы). 

Усе прыведзеныя тут творы, акрамя дарожкі “Жаніцьба Цярэшкі і Лявоніха”, уяўляюць сабой інструментальнае выкананне песняў. Іншымі словамі, у звычайным выглядзе гэта песні, што спяваюцца голасам (пераважна жанчынамі); а гэтыя запісы дэманструюць партыі інструмента ў выпадку сумеснага вакальна-інструментальнага выканання. То бок, у нейкай ступені гэта “кавер-версіі”, інтэрпрэтацыі вакальных твораў ― такія, якія прынята было рабіць 100 і болей гадоў таму. Вось што кажа Іна Дзмітрыеўна Назіна пра асаблівасці такога музыкавання:

“Што тычыцца суадносін песенна-вакальнай і музычна-інструментальнай партый у ансамблі, дык музыканты звычайна адзначалі, што іграюць тую ж мелодыю, што спяваюць песельнікі, што яны туруюць ім. Тэрмін тураваць, які нярэдка сустракаўся ў народна- інструментальнай практыцы, азначае, паводле слоўніка Ул. Даля, “паўтараць штосьці за кім-небудзь услед, адгукацца такімі ж словамі, гукамі”. Разам з тым музыканты добра ўсведамлялі спецыфіку і ролю сваёй партыі ў ансамблі, характэрную для яе мелодыка-інтанацыйную (аздабленне мелодыі мелізматыкай), рытмавую (асабліва рытмавую!), каларыстычную і гарманійную варыянтнасць, большую экспрэсіўнасць і дынамізм музыкарскага працэсу, залежнасць ад асаблівасцяў інструмента і творчых здольнасцей выканаўцы.”

Інструмент з Рэнесансу грае архаічныя мелодыі

Можна заўважыць, што ўсе творы, акрамя аднаго (“Восень”), выкананыя на скрыпцы. Гэта паказвае, што скрыпка выкарыстоўвалася народнымі музыкамі па ўсёй Беларусі; прычым па ўсёй жа Беларусі на ёй у тых ці іншых сітуацыях гралі каляндарна-абрадавыя мелодыі.

Аднак скрыпка ў вядомым нам выглядзе ― гэта не старажытны і не беларускі інструмент, яна занесеная з Заходняй Еўропы адносна позна. Яна з’явілася ў музыкаў пры дварах арыстакратаў у 16 ст., а ў народнае асяроддзе трапіла ў 18 ст. (Да скрыпкі ў нас існаваў яе архаічны аналаг – гудок ці смык.)

Тым ня менш, у гэтым раздзеле складанкі ”Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)” скрыпка грае архаічныя мелодыі, на стагоддзі старэйшыя за саму скрыпку.

Чаму мы мяркуем, што на стагоддзі старэйшыя?

1) Народныя каляндарныя песні ў сваім паходжанні ня маюць дачынення да хрысціянства. Яны ствараліся як частка інструментарыю этнічнай рэлігіі (“паганства”). Але этнічная рэлігія на беларускай зямлі ўжо з 14 ст. ня мела легальнага статусу ― а значыць, і адкрытай арганізаванай дзейнасці, а значыць, і цэнтралізаванай творчасці і шырокага інфармацыйнага ахопу. У той жа час, каляндарна-абрадавыя песні маюць падобныя рысы і часам вельмі падобныя канкрэтныя матывы ў межах вялікіх этнаграфічных рэгіёнаў, а часам і ў маштабе ўсёй тэрыторыі Беларусі. Мы мяркуем, што яны распаўсюдзіліся да таго, як была прыпыненая інстытуцыянальная дзейнасць этнічнай рэлігіі.

2) Архаічныя беларускія песні вылучаюцца, з аднаго боку, прастэчай ― манадыйнасцю і адсутнасцю музычнай формы (у іх амаль заўжды цыклічна паўтараецца адна музычная фраза). З другога боку, у іх прысутнічае больш “прыроднае” ў параўнанні з сучаснасцю разуменне рытму, што праяўляецца ў частай “неквадратнасці” музычнага памеру (то бок, ягонай некратнасці васьмі). Гэта музычнае мысленне эпохі, ранейшай за часы з’яўлення скрыпкі; гэткая музыка тэхнічна прасцейшая за тое, што можа граць скрыпка.

Абодвум гэтым пунктам адпавядаюць дарожкі 9, 10, 12, 13, 14 з прыведзенага тут раздзелу складанкі. Гэтыя мелодыі могуць паходзіць яшчэ з часоў крывічоў і дрыгавічоў. Прынамсі, чагосьці больш “уласна беларускага”, больш “глыбока беларускага” за такія мелодыі мы ня ведаем.

Купалле ― адзін з асноўных каляндарных абрадаў беларусаў. (Фота Кастуся Міхалевіча.)
Купалле ― адзін з асноўных каляндарных абрадаў беларусаў. (Фота Кастуся Міхалевіча.)

У дадатак, для твораў беларускага фальклору характэрная моцная повязь трох слаёў: спеву, інструментальнай музыкі і танцу. Інакш кажучы, творы часта імкнуцца да таго, каб мець і спеўны, і інструментальны, і танцавальны складнікі, якія павінны выконвацца адначасова. І вось што кажа пра гэтую з’яву І.Дз. Назіна:

“Менавіта ў старажытных абрадавых дзеях склаўся субстанцыянальна разнародны харэаграфічна-песенна-інструментальны комплекс, які зацвердзіўся ў фальклорнай традыцыі беларусаў у якасці этнавызначальнага. Яго абавязкова трымаліся і ў танцах запазычаных, якія ў Беларусі пачалі суправаджацца не толькі найгрышамі, але і адмыслова складзенымі да іх песнямі-весялухамі, песнямі-скакухамі ці прыпеўкамі, вядомымі пад самымі рознымі назвамі […].”

Іншымі словамі, Іна Дзмітрыеўна лічыць гэтую слаёную будову народных абрадавых твораў этнавызначальнай прыкметай беларусаў і чымсьці, што нарадзілася раней за астатнія прыкметы беларускай музыкі. Гэта дадаткова падштурхоўвае нас да думкі, што народны каляндарны фальклор (прыклады якога прыведзеныя ў гэтым раздзеле складанкі) утварыўся раней за прыход скрыпкі да беларусаў ці нават раней за яе вынаходжанне.

Адна з прычынаў, чаму скрыпка ўжывалася для грання архаічных твораў ― яе шырокія магчымасці. Скрыпка ― нетэмпераваны інструмент, пры гэтым яна мае адносна вялікі дыяпазон і “поўны” гукарад (паколькі строй “натуральны”). Таму яна можа сыграць усё, у т.л. творы архаічныя і незвычайныя з барочнага ці сучаснага акадэмічнага гледзішча. На ёй можна сыграць тыя народныя песні, якія не атрымаецца сыграць на гармоніках ці дудзе.

Скрыпач у валачобным абрадзе. Кадры з фільма “Галасы вякоў” (1979, З. Мажэйка, Н. Сава).
Скрыпач у валачобным абрадзе. Кадры з фільма “Галасы вякоў” (1979, З. Мажэйка, Н. Сава).

Каментары І.Дз. Назінай да аўдыязапісаў часткі 2

9) Каляда мужчынская
Зап. у 1982 г. ад скрыпача М.А. Шкадуна (1915 г.н.) з в. Глушкавічы Лельчыцкага р. Гомельскай вобл. Гэты найгрыш традыцыйна тураваў спевам каляднікаў, якія хадзілі па вёсцы з зоркай і званком. Віншавальныя песні-найгрышы гучалі ярка і энергічна, дзякуючы свайму нязменна двухгалосаму выкладанню і эпізадычнаму з’яўленню бурдонаў.

10) Жаніцьба Цярэшкі і Лявоніха
Абодва найгрышы зап. у 1984 г. ад скрыпача І.А. Альхоўкі (1910 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Жаніцьба Цярэшкі ― абрадавае ігрышча моладзі, якое адбывалася ў калядны час. Выкананне шматлікіх песенек-цярэшак праходзіла ў скрыпічным суправаджэнні. Гульня пар маладых, якія падбіраліся “маткай” і “бацькам”, завяршалася сімвалічным заключэннем шлюбу пад гукі Лявоніхі.

11) Валачобная паненцы
Найгрыш, зап. у 1989 г. ад скрыпача А.А. Высоцкага (1919 г.н.) з в. Пярэбнавічы Смаргонскага р. Гродзенскай вобл., адметны сваім віншавальна-прыўзнятым настроем.

12) На Купалы
Фрагмент песні і найгрыш зап. у 1984 г. ад С.А. Глушчык (1920 г.н.) і скрыпача Л.А. Глушчыка (1911 г.н.) з в. Збураж Маларыцкага р. Брэсцкай вобл. У найгрышы свабодна выкарыстоўваюцца арнаментальныя сродкі выразнасці, меладыйныя і рытмавыя варыяцыі купальскай песеннай мелодыі. (спявае С.А. Глушчык, 1920 г.н.)

13) Жніво
Песенны найгрыш, зап. у 1977 г. ад скрыпача П.Дз. Жаканава (1927 г.н.) з в. Вербаўка Чавускага р. Магілёўскай вобл. Мелодыя жніўнай песні ў выкананні музыканта кранае душэўнасцю, праніклівасцю і выразнасцю інтанавання мелодыі. У ім раскрываецца лірычны талент музыканта.

14) Восень
Зап. у 1979 г. ад дудачніка М.С. Храптовіча (1897 г.н.) з в. Барсукі Магілёўскага р. Інструментальная версія песні “густа” насычана адзінарнымі і двайнымі фаршлагамі, дробнымі рытмавымі фігурамі, спадаючымі і апяваючымі інтанацыямі, што надае гучанню сумны настрой, адпаведны словам “Ой, восень, восень, ты халодная, / Чаго рана ты к нам прыйшла?”

Граюць А.А. Высоцкі (скрыпка) і І.І. Шульга (цымбалы) (Гродзенская вобл., Смаргонскі р, в. Пярэбнавічы).
Граюць А.А. Высоцкі (скрыпка) і І.І. Шульга (цымбалы) (Гродзенская вобл., Смаргонскі р, в. Пярэбнавічы).

* * *

Нагадаем, што дыск “Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)” з 54 запісамі і буклетам на 35 старонак можна купіць у Менску ў “Этнакраме “Рагна” і ў краме “Акадэмкніга” (пр-т. Незалежнасці, 72). (Калі ласка, удакладняйце ў крамах наяўнасць асобнікаў!)

Укладальніца гэтага выдання Іна Дзмітрыеўна Назіна ― прафесар, доктар мастацтвазнаўства, адна з ключавых даследчыкаў народнай інструментальнай музыкі беларусаў.

Допіс з першай часткай выдання: НІМБ, ч.1 ― Найгрышы на архаічных інструментах.
Працяг будзе.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.