Як аднавіць калядаванне ў беларусаў?

Падчас каляднага ўзрушэння ў публічнай прасторы да нас звярнуліся з такой думкай-пытаннем: “Хацелася б, каб і ў сучаснасці беларускія Каляды і калядаванне жылі. Каб гэта ўсё рабілі сучасныя, гарадскія людзі як нешта звычайнае, уласцівае ім. Каб не было патрэбы з гораду ехаць у далёкія вёскі, каб убачыць абрад у “натуральным” выглядзе. Якім шляхам можна гэтага дасягнуць?”

Гэта асаблівая мэта. Яе можна дасягнуць, але гэта вельмі няпроста і гэтага ня зробіш тымі метадамі, што практыкуюцца этнааматарамі ў апошнія 30…40 гадоў. Калі вам сапраўды цікава, як аднавіць “правільнае” калядаванне паўсюдна, то ніжэй прапануем нашае ўяўленне, як гэта зрабіць. 

Вясковыя калядоўшчыкі ва ўяўленні мастака Ігара Мядзведзева.
Вясковыя калядоўшчыкі ва ўяўленні мастака Ігара Мядзведзева.

Каляды – гэта рэлігійнае дзеянне

Найперш зацемім, што калядаванне (абыход хатаў гуртом пераўвасобленых) у сваім поўным выглядзе ― гэта даволі складанае дзеянне, якое патрабуе пэўнай падрыхтоўкі і высілкаў. Такія дзеянні могуць рабіцца толькі заўзятымі людзьмі, апантанымі, па-свойму “ідэйнымі”. Таму калі вы хочаце, каб такое дзеянне патэнцыйна распаўсюджвалася на цэлы народ, яно мусіць быць складовай часткай нейкай вялікай аб’яднаўчай і матывацыйнай сістэмы ― нацыянальнай ідэалогіі ці рэлігіі. 

Каляды (Крывыя вечары, Зімовыя святкі) і калядны абыход ― гэта ад пачатку менавіта рэлігійны святочны перыяд і рэлігійны абрад. У такой якасці яны і застануцца, пакуль радыкальна ня зменіцца іх форма ― напрыклад, ня знікне дзеянне абыходу, абрадавы “спектакль” і песні. Нейкай іншай матывацыі, акрамя магічнай, рэлігійнай ці блізкай да таго, у такія дзеянні не ўкладзеш. Часткай палітычнай матывацыйнай сістэмы ― нацыянальнай ідэалогіі ― такія дзеянні ня зробіш; у ідэалогіях хутчэй выкарыстоўваецца адзначэнне памятных датаў, у якія адбываліся значныя для народа гістарычныя падзеі. Таму лічым, што для мэты новага распаўсюду калядавання на ўсіх людзей яго спатрэбіцца рабіць часткай пэўнай рэлігіі (ці рэлігіяпадобнага вучэння). А ўжо да рэлігіі каб далучаліся людзі і яна іх матывавала рабіць калядаванне.

Калі вы мяркуеце, што Каляды ў сваёй поўнай, складанай форме могуць існаваць не як рэлігійная з’ява, а проста як сучасная забава, то раім звярнуць увагу на тое, што ў сучаснасці стала з Хэлаўінам. Яго “жывая” форма, якая практыкавалася ў англамоўных мясцовых супольнасцях у аднапавярховай забудове ― гэта амаль поўны аналаг нашага каляднага абыходу: да гаспадароў прыходзяць увасабленні тагасвету і патрабуюць ахвяраў. Але калі Хэлаўін распаўсюдзіўся на горад і сучаснае грамадства спажывання, то абрадавае дзеянне знікла, засталася толькі пэўная “страшная” эстэтыка, тусоўка і тэматычныя вітрыны ў крамах.

Нешта падобнае адбудзецца і з Калядамі (Крывымі вечарамі, Зімовымі святкамі), калі іх паспрабаваць распаўсюдзіць у выглядзе забавы. Наўрад ці Вам такое спадабаецца? Можа, гэта і прынесла б нейкую карысць некаму, але гэта яўна ня тое, чаго хоча аўтар пытання, прыведзенага ў пачатку нашага тэксту.

Папулярызацыя не дапаможа

Ідзём далей. Як жа аднавіць калядаванне сярод сучасных людзей? Першая думка грамадскага актывіста ― “трэба яго папулярызаваць!” Гэта значыць, напрыклад:

  • рабіць на калядную тэму публікацыі (улёткі, артыкулы, сторыc, рылзы і г. д.); 
  • паказваць фільмы на гэтую тэму;
  • чытаць лекцыі на гэтую тэму;
  • спяваць песні пра Каляды; 
  • прыязджаць “на месцы” і “паказваць, як трэба рабіць”; 
  • проста заклікаць людзей калядаваць; 
  • тлумачыць каштоўнасць на ўзроўні нацыі, гісторыі і падобнага; 
  • ладзіць сцэнічныя адаптацыі;
  • “спрашчаць” (звычайна ― скажаць), каб “людзям было лягчэй засвоіць”.
Грамадскія актывісты "папулярызуюць" калядаванне праз канцэртны выступ.
Грамадскія актывісты “папулярызуюць” калядаванне праз канцэртны выступ.

Благія навіны: для мэты змены жыццёвых практык людзей гэта ўсё не працавала, не працуе і ня будзе працаваць. Папулярызацыя культуры (інфармаванне пра яе) не працуе. Большасць людзей ня стане напаўняць галаву інфармацыяй, якая ім на практыцы не патрэбная. А пагатоў ня стане ўводзіць у сваё жыццё новыя складаныя дзеянні, калі ў гэтым няма патрэбы. Большасць будзе ўсяляк супраціўляцца гэтаму. Удзельнічаць у абрадах будзе толькі стабільная невялікая колькасць прыхільнікаў народнай культуры. 

І што важна, у мностве выпадкаў сама форма папулярызацыі такая, што, з гледзішча аўдыторыі, асоба папулярызатара таксама знаходзіцца па-за працэсам Калядаў. Ён сам выглядае хутчэй даследчыкам, назіральнікам, сведкам, “экспертам”, які прыйшоў да нас распавесці пра Каляды, пабыць мяккім ідэолагам-агітатарам за нешта. То бок, замест “рабіце разам са мной, ужо цяпер і надалей” атрымліваецца “я вам распавяду, а вы ўжо калі-небудзь самі арганізуйцеся ды паспрабуйце”. Гэта дадае долю няшчырасці ва ўсё інфармаванне і падрывае давер аўдыторыі.

Неэфектыўнасць папулярызацыі даказаная дзесяцігоддзямі практыкі этнографаў-аматараў, ды й актывістаў у іншых сферах. 

Для прыкладу ўзгадаем, што за апошнія 10…12 гадоў у Беларусь масава прыйшлі сацыяльныя сеткі, мабільныя прылады, магчымасці лёгкага запісу і публікацыі відэа ― гэта ўсё ў разы павысіла магчымасці той самай “папулярызацыі”, інфармавання. Але за гэты ж перыяд колькасць практычных удзельнікаў народных абрадаў (у іх “правільнай” форме) сярод гарадскіх жыхароў заставалася на прыблізна адным і тым жа ўзроўні, да 300 чалавек на ўсю Беларусь. Тая ж стабільнасць адбывалася і з колькасцю чальцоў этнаграфічных грамадскіх аб’яднанняў, і з памерам аўдыторыі інфармацыйных рэсурсаў аб народнай культуры. Ідзе хутчэй не рост, а ратацыя: старэйшыя сыходзяць, маладзейшыя прыходзяць, як у моладзевых субкультурах.

Таму спачатку трэба запусціць грамадовыя працэсы, у якіх людзям спатрэбяцца навыкі калядавання; а ўжо тады людзі звернуцца да інфармацыі і падцягнуць гэтыя навыкі. Запуск працэсаў ― гэта першае, чым трэба займацца, калі перад вамі стаіць мэта вярнуць Каляды і калядаванне (ці любыя іншыя беларускія абрадавыя дзеянні!) у практыку сучасных людзей.

Але што значыць “запусціць працэсы”? Гэта значыць, што трэба наладзіць Каляды і калядаванне так, што да іх штогод будуць далучацца новыя і новыя людзі; і пры гэтым раней далучаныя ня будуць “адвальвацца”.

На ростані метадаў

Ну, добра, а як жа запусціць гэтыя працэсы? Як уцягнуць людзей у калядаванне?

Гэта можна зрабіць праз два агульныя кірункі дзеянняў:

  1. адміністрацыйны прымус;
  2. пераканаўчую дэманстрацыю, рэальныя доказы, што тваё жыццё будзе значна лепшым, калі ты будзеш спраўляць Каляды і калядаваць.

У гісторыі пры ўвядзенні новых абрадаў, навяртанні ў новыя рэлігіі выкарыстоўваліся абодва метады. Напрыклад, расейскі “прагрэсіўны рэфарматар” Пётр I у свой час наўпрост прымусіў прадстаўнікоў заможных класаў перайсці на новы спосаб і новую дату святкавання новага году. А сучасныя пратэстанты далучаюць новых людзей да сваёй рэлігіі і адпаведных абрадаў праз прапанову сапраўды больш здаровага, паспяховага жыцця ў грамадзе.

Пасля Пятра I эліта Расейскай Імперыі святкавала Новы год па-заходняму.
Пасля Пятра I эліта Расейскай Імперыі святкавала Новы год па-заходняму.

Уласна, прыведзенымі двума шляхамі, нібы бізуном і пернікам, рабілася і асіміляцыя народаў у іншую культуру. Напрыклад, беларусы перайшлі на рускую мову ня толькі праз адміністрацыйнае яе насаджэнне. Ішло таксама стварэнне працоўных месцаў з лепшымі ўмовамі, але на якіх патрабавалася руская мова. Дзеці сялянаў з задавальненнем змянялі бацькоўскую вёску на больш прэстыжны, чысты, “культурны” горад, але праца ў горадзе патрабавала валодання менавіта рускай мовай.

Каб рабіць адміністрацыйны прымус людзей да калядавання, спатрэбіцца: прыйсці да ўлады, пасля чаго вярнуць прывязку дзяржулады да рэлігійнай сферы, пасля чаго, уласна, пачаць прымушаць людзей да выканання патрэбных абрадаў. Давайце адразу прызнаем: этнааматары ў Беларусі ня маюць ніякай перспектывы прыходу да ўлады. Таму гэты метад ― пункт 1 ― адразу адкідваем.

Што ж патрэбна, каб ужыць пункт 2 ― дэманстрацыю, што жыццё будзе значна лепшым, калі ты будзеш калядаваць? Для гэтага трэба стварыць грамаду, якая жыве з гэтым абрадам, і каб гэтая грамада была сапраўды больш паспяховая, здаровая, багацейшая за навакольных людзей. Натуральна, грамада павінна быць не закрытая, а з магчымасцю далучэння новых чальцоў.

Усё гэта трэба, каб людзі захацелі і пры гэтым мелі магчымасць да гэтай грамады далучацца, звязваць з ёй сваё жыццё, а надалей рабіць яе “філіі”, адпачкаванні.

У Беларусі гэты метад больш рэалістычны, чым прыйсці да ўлады і прымушаць.

Рысы жывой грамады

Метад, аднак, запатрабуе вельмі шмат часу і сілаў.

Каб людзям было да каго далучацца, спачатку павінна ўзнікнуць гэтая “ўзорная” грамада ў першасным выглядзе. Яна павінна наладзіць жыццё ўнутры сябе, распачаць рост у колькасці чальцоў за кошт нараджэння дзяцей.

То бок, гэта павінна быць ня проста грамада па інтарэсах (“клуб аматараў народнай культуры”). Гэта жывая грамада, якая ўключае некалькі пакаленняў (узросты прадзедаў, дзядоў, бацькоў, дзяцей) і аб’яднаная ўнутры сябе разнастайнымі сувязямі. Яе чальцы фізічна сустракаюцца і плённа ўзаемадзейнічаюць вельмі часта ― як найменш, штотыднёва. Яны маюць эканамічныя і кроўныя сувязі між сабой; ведаюць дзяцей адно аднаго, бываюць адно ў аднаго на вяселлях, пахаваннях, радзінах.

Грамада павінна стаць больш паспяховай, здаровай, больш радаснай за навакольных. Ужо само гэта будзе далёка не імгненна. Але пакуль гэтага не адбудзецца, яна ня зможа распаўсюджваць нейкія ўзоры на навакольных. Чальцы грамады з такімі ж лёсамі і жыццямі, “як ва ўсіх” у РБ, сярэднестатыстычнымі, ня змогуць навучыць грамадства нейкаму “больш правільнаму”, лепшаму жыццю. Вялікае грамадства проста ня стане да іх прыслухоўвацца ― і правільна зробіць. Большасць людзей схільная рабіць высілкі для падладжвання свайго жыцця толькі пад узор паспяховых.

Джэймстаўн, 1630-я гг. Першае сталае паселішча пратэстантаў-ангельцаў у Паўночнай Амерыцы. Пазней гэта вырасце ў звышдзяржаву.
Джэймстаўн, 1630-я гг. Першае сталае паселішча пратэстантаў-ангельцаў у Паўночнай Амерыцы. Пазней гэта вырасце ў звышдзяржаву.

Выклікі перад грамадой

Пры гэтым вышэйапісанай грамадзе давядзецца прыняць і пераадолець розныя выклікі, напрыклад:

  1. Трэба будзе рабіць ня толькі калядаванне, але і іншыя абрады, на ўвесь год, прычым гэта павінна быць цэласная, несупярэчлівая сістэма, бяз тых неадназначнасцяў і хістанняў, якія ёсць на сёння.
  2. Трэба будзе моцна дапасаваць абрады да сучаснасці, каб людзі маглі ўспрымаць іх сур’ёзна і як нешта сваё. Так, напоўненасць абрадаў і фальклору вобразамі з аграрнай эпохі не спрыяе іх прыманню сучасным чалавекам як чагосьці свайго. Абсалютная большасць людзей сёння ― гэта жыхары гарадскога ладу, і гэта ня зменіцца ў агляднай будучыні.
  3. Сама рэлігія ў “класічным” выглядзе, а пагатоў дахрысціянская, заснаваная на магічных уяўленнях, можа быць неактуальнай для сучаснага чалавека і інфаасяроддзя, ужо занадта архаічнай, недарэчнай. Магчыма, давядзецца дадаваць да яе новыя вымярэнні накшталт групавой псіхатэрапіі, экалогіі, ухілу на этыку і асабістыя дзеянні (як у будызме) ці чагосьці яшчэ.
  4. Трэба будзе пераадолець праблему жыцця паасобку, калі людзі (сем’і) геаграфічна раскіданыя. Ці то неяк адаптавацца да гэтага, ці то дзесьці сяліцца разам ― можа, у горадзе, можа, на вёсцы.
  5. Чальцам грамады трэба будзе сапраўды жыць паводле такіх правілаў, каб жыццё было больш паспяховым, чым у навакольных. Яно павінна быць хаця б на ўзроўні пратэстантаў, якія звычайна здаровыя, багатыя, шматдзетныя і радасныя, што прываблівае многіх людзей.
  6. Грамадзе давядзецца ні ў якім разе не закранаць палітыку і пагатоў ня быць апазіцыйнай, інакш магчымасцяў развіцця яна не атрымае.
  7. Трэба будзе неяк абысці супрацьдзеянне РПЦ / БПЦ, якая змагаецца супраць “нэапаганства пад выглядам народнай культуры”.

У сутнасці гэта будзе рэлігійная грамада ці нешта блізкае да таго. І ёй трэба будзе ў сутнасці стварыць новую рэлігійную (рэлігіяпадобную) сістэму. І, канечне, грамада нехрысціянская, бо Каляды (Крывыя вечары, Зімовыя святкі) і калядаванне ― чыста паганская, індаеўрапейская ў сваёй прыродзе з’ява. Як і большасць беларускіх каляндарных абрадаў.

Калі такая грамада дасць рады ўсім гэтым выклікам, то будзе прыцягваць новых людзей; тыя будуць уцягвацца ў абрадавыя працэсы — і ўжо там, у працэсах, вучыцца ўсё правільна рабіць.

Сучасная пратэстанцкая царква "Выратаванне". Пасёлак Калодзішчы, Менскі раён.
Сучасная пратэстанцкая царква “Выратаванне”. Пасёлак Калодзішчы, Менскі раён.

Хуткасць росту такой грамады будзе параўнальная з хуткасцю росту сучасных пратэстанцкіх грамадаў у Беларусі. Скажам проста, гэта ня вельмі бурны рост. Прычым будзе яшчэ і папраўка на тое, што: 

  1. супраць нехрысціянаў могуць скаардынаваць высілкі ўсе хрысціянскія канфесіі; 
  2. будзе адсутнічаць матэрыяльная дапамога з Захаду, якая ёсць у некаторых пратэстанцкіх грамадаў. 

Адным словам, ні за год, ні за 10 гадоў не атрымаецца распаўсюдзіць жывое калядаванне на нейкую значную частку беларусаў, а пагатоў на ўсіх. Гэта праца на дзесяцігоддзі наперад, прычым без гарантаваных вынікаў.

Няўжо няма ніякай альтэрнатывы?!

Дзесяцігоддзі ― гэта вельмі доўга, скажаце вы.

Вядома, доўга ― прынамсі, адносна часу жыцця аднаго чалавека. Але як жа інакш?

Народныя абрады вынішчаліся, выціскаліся і выміралі стагоддзямі, марудна, але надзейна. Вы хацелі аднавіць іх у жывым выглядзе за год-два? Так не атрымаецца. За час аднаго жыцця выйдзе хіба што закласці аснову для далейшага развіцця грамады.

Магчыма, усё ж ёсць нейкія іншыя спосабы? Калі ня хуткія, то, прынамсі, не такія цяжкія?

“Камерцыйны” спосаб

Можна разгледзець камерцыйны спосаб ― гэта калі абрад калядавання распаўсюджваецца на аснове таго, што ён прыносіць прыбытак як бізнэс. У такім варыянце вялікая колькасць сучасных людзей убачыць калядаванне ў даволі “правільным” гістарычным выглядзе; але выконвацца яно будзе артыстамі за грошы і не для сваёй грамады, а для тых, хто заплаціць. 

Па-першае, гэта адносіны не грамадовыя, дзе ўсе свае, на адным узроўні і ўключаныя; гэта адносіны артыст-глядач, вытворца-спажывец, тавар-купец. Гэта наўрад ці тое, што хацеў атрымаць аўтар першапачатковага пытання.

Па-другое, у падобнай дзейнасці будуць моцныя абмежаванні ў плане пашырэння. Гэта будзе вырачана нішавы “прадукт”. Чаму? 

Таму, што такі заробак будзе сезонны і мала хто будзе зацікаўлены ім займацца.

Таму, што ён будзе ісці супраць існуючых навагодніх звычаяў і праз гэта будзе цікавым толькі вузкаму колу абазнаных (“непапсовае” дрэнна прадаецца). А прапагандысцкую / маркетынгавую машыну, якая была б гучнейшая за дзяржаву, царкву і існуючыя звычаі і змагла б “стварыць новы рынак”, такія калядоўшчыкі-прадпрымальнікі наўрад ці недзе здабудуць.

Рэспубліка Моталь

Можна не ствараць грамаду проста з нуля, а пашукаць існуючую грамаду, у якой ужо ёсць многае з таго, што патрэбна. Напрыклад, паглядзець на вёску Моталь, што ў Іванаўскім раёне. Гэта супольнасць з моцнымі гарызантальнымі сувязямі, даволі жыццярадасная, паспяховая (ёсць шэраг ладных мясцовых бізнэсаў), даволі рэлігійная. Што цікава, там у жывым выглядзе пагэтуль існуе калядаванне! Хаця яно ў мясцовай позняй, хрысціянізаванай форме.

Жыхары вёскі Моталь пачуваюцца добра і не імкнуцца з'язджаць у вялікія гарады.
Жыхары вёскі Моталь пачуваюцца добра і не імкнуцца з’язджаць у вялікія гарады.

Адпаведна, тым, хто жадае аднаўлення калядавання ў сучасных беларусаў, трэба было б:

  1. Пасяліцца ў Моталі і далучыцца да жыцця мясцовай супольнасці.
  2. Рознымі спосабамі дапамагчы мясцовай грамадзе стаць яшчэ больш паспяховай і радаснай, у т.л. яшчэ лепш развіць мясцовы бізнэс.
  3. Пачаць уплываць на рэлігійнае жыццё грамады і трансфармаваць ейнае калядаванне ў патрэбны бок. 🙂 
  4. Паўплываць на рэлігійнае жыццё Моталя так, каб у ім узнікла прапаведніцкае ядро, якое б пачало распаўсюд мотальскай мадэлі грамады на навакольныя населеныя пункты.

Скажам проста, гэта ўсё не гучыць як нешта лёгка ажыццяўляльнае ― хоць за аснову і прымаецца “гатовая” грамада з часткай патрэбных прыкметаў.

Адным словам, знайсці нейкі лёгкі ці хуткі альтэрнатыўны спосаб наўрад ці атрымаецца.

* * *

Нельга не заўважыць падабенства праблемы “аднавіць калядаванне” і праблемы “вярнуць беларускую мову ў шырокі ўжытак”. Асноўная цяжкасць для рускамоўнага ў пераходзе на беларускую ― трапіць у асяродак, грамаду, у межах якой ён будзе пастаянна карыстацца беларускай мовай, бо ў гэтай грамадзе так прынята. Звычайны чалавек, не-фанат, ня будзе жыць белай варонай і штодзённа праактыўна размаўляць па-беларуску з усімі навакольнымі рускамоўнымі. 

Але гэтая беларускамоўная грамада, у якую яму трэба перайсці, павінна быць яшчэ і такой, дзеля якой чалавек сапраўды будзе гатовы змяніць сваё жыццё, пакінуць сваё былое асяроддзе. І гэтая каштоўнасць павінна ляжаць за межамі мовы, у чымсьці больш шырокім (дабрабыт, здароўе, прэстыж і г. д.). 

Тое ж самае і з Калядамі і любой іншай практыкай. Найперш патрабуецца паспяховая, узорная грамада.

* * *

Так у агульных рысах гучыць наш адказ на пытанне “як аднавіць калядаванне ў беларусаў?” Магчыма, ёсць альтэрнатыўныя шляхі, але яны будуць ня менш складанымі. Лёгка і хутка ня будзе ні ў якім спосабе. Але з прапанаванай версіяй адказу, спадзяёмся, будзе больш упарадкаванасці ў дзеяннях, калі вы сапраўды вырашыце ісці да такой мэты. І паколькі шлях вельмі далёкі, пачынаць лепш ужо зараз.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.