Складанка “Народная інструментальная музыка Беларусі” (частка 3)

Публікуем трэці раздзел складанкі архіўных аўдыязапісаў Іны Дзмітрыеўны Назінай. У гэтым раздзеле вы пазнаёміцеся з інструментальнай музыкай беларускага вясельнага (“свадзёбнага”) абраду. Вашай увазе прапануем самі аўдыязапісы, каментары І.Дз. Назінай да іх, а таксама зацемы Вольнага архіву пра асаблівасці беларускага вяселля і вытокі стылю вясельнай музыкі. Вы чулі пра беларускія вясельныя маршы? 😉

Вяселле: Мікалай Пятровіч Барысік і Вольга Пятроўна Важэйка. Гарадзенская вобл., г. Слонім, 1928-1929 гг.
Вяселле: Мікалай Пятровіч Барысік і Вольга Пятроўна Важэйка. Гарадзенская вобл., г. Слонім (Навагрудскае в-ва, Слонімскі павет), 1928-1929 гг. Здымак з архіву Марыі Кужаль; знойдзены ў архіве VEHA, калекцыі “Дзявочы вечар”.

Частка 3 – Вясельныя найгрышы

Якое яно, беларускае вяселле?

Трэцяя частка складанкі ў асноўным змяшчае інструментальныя версіі вясельных (“свадзёбных”) песняў; але ў ёй ёсць і няспеўныя вясельныя творы ― танцы і маршы. Тут прысутнічаюць музычныя творы, прымеркаваныя да розных этапаў вяселля.

У даіндустрыяльныя часы беларусы найчасцей жаніліся ўвосень і ў перыяд ад канца Зімовых Святак да Масленкі. Ёсць падставы лічыць, што вяселлі былі таксама і ў купальскі час. У кожнай мясцовасці Беларусі ёсць свае асаблівасці ў вясельным абрадзе, але ва ўсіх аднолькавыя ключавыя моманты і іхная сутнасць.

У беларускім вяселлі (жаніцьбе, “свадзьбе”) вылучаецца каля тузіну асноўных этапаў:

  • сватанне, 
  • запоіны, 
  • заручыны (гэтыя першыя тры назвы могуць быць і сінанімічнымі назвамі аднаго і таго ж этапу), 
  • зборная субота, 
  • каравай, 
  • пасад,
  • прыезд жаніха па нявесту, 
  • вясельнае застолле, 
  • дзяльба каравая й дарэнне, 
  • ад’езд маладой да дому маладога, 
  • сустрэча маладых, 
  • працяг вяселля ў хаце маладога.

У хаце маладога паралельна таксама быў каравай і пасад да этапу “сустрэча маладых”. Пасля шлюбнай ночы былі “цыганы” ― пераадзяванне кагосьці з гасцей у нявесту і жаніха і жартоўнае застолле, ім прысвечанае. Праз нейкі час пасля асноўнага вяселля маглі быць і “перазовы” ― запрашэнне на чарговую бяседу тых сваякоў, якія не патрапілі на асноўны абрад. На кожны этап вясельнага абраду ёсць адпаведныя музычныя творы ― найперш песні.

Песні на вяселлі рэдка суправаджаліся інструментальным акампанементам. Добрыя скрыпакі маглі падыграць жанчынам вясельныя песні, аднак агулам функцыя інструментальных гуртоў, што гралі на вяселлях, была іншая (пра гэта ніжэй).

Але прыведзеныя тут інструментальныя версіі песняў (хай сабе з варыяцыямі і імправізацыяй) карысныя тым, што дазваляюць пачуць у народных песнях непасрэдна музыку, ейныя ноты, не займаючы свядомасць голасам і словамі. Гэтыя запісы паказваюць, як песні могуць быць музыкай і мелодыямі, якія пры жаданні можна выкарыстаць у новых музычных інструментальных творах.

Вельмі практычная архаічная простасць

Вясельны абрад у Беларусі ў сельскай мясцовасці па сёння захоўвае архаічныя рысы. І мы мяркуем, што вясельны музычны рэпертуар у сваёй старэйшай, “тутэйшай” частцы захоўваўся ў XX ст. ў амаль нязменным выглядзе з тысячагадовай даўніны.

Адкуль такое меркаванне? Мы звязваем стыль вясельных песень са стылем каляндарна-абрадавых песень (юр’еўскіх, купальскіх, калядных…), якія з’яўляюцца дахрысціянскай музычнай спадчынай. Апошняе для нашых краёў азначае, што гэтаму стылю сотні гадоў, ці тысяча, ці больш.

Дык вось, на сённяшні дзень у многіх вёсках Беларусі ўжо няма памяці пра каляндарныя абрады дахрысціянскага паходжання і/ці адпаведныя ім песні; але ў такіх вёсках усё яшчэ можна запісаць вясельныя песні ў тым жа “простым”, архаічным стылі, што і каляндарна-абрадавыя. То бок, яны захаваліся. Так адбываецца таму, што вяселле ― сацыяльны (грамадовы) абрад, практыка якога не перарывалася і не душылася, у адрозненне ад старадаўніх каляндарных святаў, непажаданых для дзяржавы і афіцыйнай царквы. На сёння з усіх архаічных песень на вёсцы найлягчэй знайсці і запісаць менавіта вясельныя песні.

Яфім і Аляксандра Валадкевічы, скрыпач і спявачка (Брэсцкая вобл., Столінскі р., в. Дубянец)
Яфім і Аляксандра Валадкевічы, скрыпач і спявачка (Брэсцкая вобл., Столінскі р., в. Дубянец)

Вясельныя творы ў архаічным стылі ў асноўным маюць “неквадратны”, а то і ўвогуле “свабодны” рытмічны малюнак; і амаль заўжды адну простую, больш ці менш кароткую меладычную фразу ― то бок, гэта творы самай простай, адначасткавай формы. Простасць музычнай формы мае пад сабой глебу:

  1. Яна адпавядае простасці мыслення вясковага чалавека, які да XX ст. ў сваёй масе не валодаў пісьмом і чытаннем, ня меў тэхналагічна складаных музычных інструментаў і ня чуў прафесійнага “медыякантэнту”, апроч, хіба, царкоўнага спеву.
  2. Яна палягчае выкананне песень для непрафесійных спевакоў.
  3. Яна мае значэнне для зместу абраду: на адну і тую ж кароткую простую мелодыю лёгка прыдумляць новыя тэксты, адпаведныя той ці іншай сітуацыі. Розных абрадавых сітуацыяў на працягу вяселля адбываюцца дзясяткі, адпаведна, ёсць і дзясяткі і сотні вясельных песень ці куплетаў. Пры гэтым пад усе песні на вяселлі ў асобна ўзятай мясцовасці выкарыстоўваецца ўсяго некалькі (парадку пяці) розных мелодыяў. То бок, тэксты на працягу вяселля гучаць розныя, а мелодыі паўтараюцца. Такім чынам, вясельныя мелодыі прызначаныя хутчэй для рэцытацыі патрэбных словаў, чым для таго, каб быць менавіта паўнавартаснымі песнямі.

Як кажуць некаторыя вяскоўцы, на працягу ўсяго вяселля спевы маглі амаль што замяняць сабой звычайныя размовы. Гэта было б ня дзіўна, бо ў архаічнай свядомасці рыфмаванне і рытм робяць мову чароўнай, надзяляюць яе надзвычайнымі магчымасцямі ― што якраз і патрэбна пры абрадавых дзеяннях. (Яшчэ адна праява такіх уяўленняў ― імкненне прамаўляць пажаданні маладым рыфмаванай мовай.)

Вясельны марш не такая ўжо і сучасная з’ява…

Памятаеце, якая музыка часцей за ўсё грае на сучасных вяселлях? Марш Мендэльсона і “Вясельны хор” Вагнера (які таксама марш). Абодва яны створаныя нядаўна ― у сярэдзіне 19 ст. Але, як паказвае беларуская этнаграфія, маршы з’яўляюцца старажытным і важным элементам вясельнага абраду. Розныя этапы вяселля маюць адмыслова прымеркаваныя да іх маршы, якія ўспрымаюцца менавіта як абрадавая музыка з чароўным уздзеяннем.

У гэтым раздзеле складанкі прыведзеныя “Сустрэчны марш” (№19) і “Расхадовая”, якую І.Дз. Назіна таксама лічыць маршам (№23). 

“Сустрэчны марш” гучыць відавочна больш “сучасна”, больш просталінейна за вясельныя песні. У гэтым ён падобны да большасці іншых вясельных маршаў, вядомых нам паводле этнаграфічных аўдыязапісаў. “Расхадовая” таксама гучыць просталінейна, але больш архаічна: падобна да народнай жартоўнай песні.

Увогуле ж ёсць падставы меркаваць, што вясельныя маршы беларусаў, зафіксаваныя ў 19 і 20 стст., мелі ў даўнейшыя часы больш архаічны, больш беларускі аналаг. І сярод прыведзеных тут запісаў такі твор ёсць ― “Як дораць маладую” (№22). На жаль, мы ня ведаем меркавання І.Дз. Назінай аб яго паходжанні, але фалькларыст Уладзімір Бярбераў вызначае гэты найгрыш менавіта як вясельны марш. Стыль гэтага твора ў сваёй простасці блізкі да стылю вясельных песень. Гэты твор манадыйны (адзіночная мелодыя), не прызначаны для выканання з гарманічным суправаджэннем (ён увесь “на адным акордзе”), мае неквадратную і ўвогуле досыць непрадказальную будову. Гэта гучанне сівой даўніны, запісанае ў 20 ст.

Трэба таксама заўважыць, што вяскоўцы, якія не былі музыкамі, маглі і не называць такія творы “маршамі”. Нам вядомая гутарка ад 1976 г., у якой вясковая жанчына кажа, што на вяселлях музыкі акрамя танцаў гралі “вяселле”, як дораць маладую. Іншымі словамі, як быццам “саўндтрэк” да (этапу) вяселля, жанр якога ня мае назвы.

Гурт: Міхаіл Семянчук (кларнет), Ціхан Найдзён (гармонік), Ілля Дранец (скрыпка) (Брэсцкая вобл., Столінскі р., вв. Гарадзец і Харомск)
Гурт: Міхаіл Семянчук (кларнет), Ціхан Найдзён (гармонік), Ілля Дранец (скрыпка) (Брэсцкая вобл., Столінскі р., вв. Гарадзец і Харомск)

Прапануем вам цытату Іны Дзмітрыеўны з Уводзінаў складанкі, прысвечаную маршам:

“Безумоўнай увагі заслугоўваюць і маршавыя найгрышы, якія па сваіх генетычных вытоках таксама належаць да жанраў рухальнай дынамікі. Аднак па функцыянальнаму прызначэнню ў жыцці беларусаў яны выступаюць у ролі віншаванняў, блаславенняў, пажаданняў, якія гучаць на вяселлях і провадах у армію. Гэта дазваляе аднесці іх да жанраў абрадавай прымеркаванасці.

Асабліва шырокае распаўсюджванне яны атрымалі на Беларускім Паазер’і, дзе на свадзьбах музыканты ігралі да 12-14 маршаў у найбольш важныя моманты рытуалу. Пацвярджэнне таму даюць іх назвы, якія фіксуюць месца і функцыі кожнага маршавага найгрышу цягам усяго вяселля: Паходны (калі маладыя едуць браць шлюб ці адпраўляюцца дадому; калі маладуху вязуць да маладога); Сустрэчны (№ 19, калі маладых сустракаюць пасля вянца; калі малады прыязджае па маладую); Застольны, або Паздравіцельны (калі вітаюць маладых, кожнага з гасцей і музыкантаў); Надзельны, або Надзялёны (калі надзяляюць маладую, маладых і музыкантаў); Прашчальны (як маладую адпраўляюць да маладога); Расхадовы (№ 23, на заканчэнне свадзьбы, калі госці разыходзяцца па хатах).

Да таго, як сыграць марш, адзін з музыкантаў звяртаўся да маладых, іх бацькоў і гасцей з прывітальным словам: “Паздраўляем маршам маладую пару, каб жылося і елася і болей хацелася, на многія леты, на харошую жызню, каб шчасліва жылі, каб у гадочку і па сыночку. А музыкантам трэба сыграць вам марш, каб вы любілі нашу му́зыку да канца гэтай свадзьбы” (Вілейскі р. Мінскай вобл.). Цікава, што на Браслаўшчыне жартоўны марш для музыкантаў “граўся” з дапамогай толькі адных ударна-шумавых “інструментаў” ― засланкі, чапялы, чыгуноў, талерак, кубкаў і іншых хатніх прылад, якія выдавалі грук, звон, стук, брынк. Выкарыстанне металічнага начыння магло мець, на маю думку, таксама і сакральна-ахоўны сэнс.

Паводле ўяўленняў беларусаў, чым больш на вяселлі будзе музыкі і шуму, тым лепей і багацей будуць жыць маладыя. У сувязі з гэтым гаварылі: “Гучнае вяселле ― слаўнае вяселле”; “Ні стуку, ні груку, павезлі маладую, як суку”. Зразумела, што маршавыя найгрышы, знітаваныя са слоўнымі формуламі-вітаннямі і пажаданнямі, стваралі ўсеагульны ўрачыста-прыўзняты настрой, што адпавядала глыбіннаму сэнсу рытуалу і яго назве ― “вяселле”. Святочнасць як іманентная якасць традыцыйнай музычна-інструментальнай культуры шмат у чым вызначалася той важнай роллю, якую ігралі ў абрадах музыкант, інструмент і музыка. […]

Для выканання маршаў звычайна запрашалі інструментальныя ансамблі, што надавала вяселлям асаблівую ўрачыстасць і святочнасць. З-за таго, што маршы нярэдка выконваліся ў розных тэмпах (то стрымана-няспешных, то хуткіх), яны набывалі розны характар (урачыста-прыўзняты, танцавальны, а часам і жартоўны).”

Вяселле. Беластоцкае в-ва, Бельскі павет, в. Масева, 1930-1940 гг.
Вяселле. Беластоцкае в-ва, Бельскі павет, в. Масева, 1930-1940 гг. (вёска знішчаная гітлераўцамі ў 1941 г.). Здымак з архіву Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”; знойдзены ў архіве VEHA, калекцыі “Дзявочы вечар”.

Каментары І.Дз. Назінай да аўдыязапісаў часткі 3

15) На заручыны
Зап. у 1984 г. ад скрыпача Васіля Міхайлавіча Царонка (1906 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Падчас абраду музыка традыцыйна тураваў, уторыў спевакам, узмацняючы адпаведны моманту настрой.

16) Як садзяць каравай у печ
Інструментальная версія вясельнай песні “А ўжэ піч рэгочэ”, зап. у 1984 г. ад скрыпача Лаўрэнція Антонавіча Глушчыка з в. Збураж Маларыцкага р. Брэсцкай вобл.

17) Каб разжаліць маладую
Зап. у 1986 г. ад скрыпача Георгія Рыгоравіча Дулуба (1933 г.н.) з в. Целепуны Мазырскага р. Гомельскай вобл. Звычайна жаласная вясельная песня спявалася жанчынамі, але там, дзе прысутнічаў добры скрыпач, ён браў на сябе іх функцыю. Насычанасць мелодыі жалобнымі інтанацыямі плачу і ўсхліпвання, сам характар музыкавання на скрыпцы выклікалі ў маладой і прысутных на вяселлі адпаведную эмацыйную рэакцыю.

18) Развітанне з маці і роднай хатай
Інструментальная версія песні “Бывай, мамачка, здарова”. Зап. у 1974 г. ад скрыпача Пятра Сільвестравіча Чаеўскага (1911 г.н.) з в. Татаршчына Маладзечанскага р. Мінскай вобл. Для музыкарскага стылю Чаеўскага характэрны бурдонна-паліфанічны стыль выкладання, які адносіцца да найбольш старажытных скрыпічных стыляў. Каб мелодыя гучала больш трапятка, кранала душу, музыкант выкарыстоўвае выяўленчыя магчымасці трэлі.

19) Сустрэчны марш
Марш, якім вітаюць маладых пасля прыезду з-пад вянца. Зап. у 1976 г. ад скрыпачоў Міхаіла Мартынавіча Семянчука (1911 г.н.) і Іллі Пятровіча Дранца (1924 г.н.) з вв. Гарадзец і Харомск Столінскага р. Брэсцкай вобл. У ансамблевым найгрышы дакладна вызначаецца функцыя кожнага інструмента ― меладыйная ў першай скрыпкі і суправаджальная асцінатна-рытмавая ў другой.

20) Як маладую прывезлі да маладога
Зап. у 1984 г. ад скрыпача В.М. Царонка (1906 г.н.) з г. Чашнікі Віцебскай вобл. Па традыцыі кожнаму моманту беларускага вяселля адпавядаюць пэўныя па настроі, зместу і функцыі песні-найгрышы.

21) Як на пасад садзяць
Песня “Ой, куды ж ты, Галенька, ходзіла” і найгрыш, які гучыць разам з ёй, зап. у 1976 г. ад спявачкі Аляксандры Ўладзіміраўны Валадкевіч (1934 г.н.) і скрыпача Яфіма Рыгоравіча Валадкевіча (1930 г.н.) з в. Дубянец Столінскага р. Брэсцкай вобл. Вакальная партыя перадае вобразна-драматычны і меладыйны змест песні ў тыпова палескім стылі. Інструментальная ж “аплятае” песенна-вакальную мелодыю пасажамі розных рытмавых малюнкаў, па-рознаму афарбоўвае яе, узмацняе маляўнічасць агульнага гучання, запаўняе паўзы паміж радкамі і строфамі, забяспечваючы няспыннасць драматургічнага развіцця і цэльнасць музычнай формы. Прытым ярка выяўленая кантрастнасць абедзвюх партый перадае драматызм вясельнай сітуацыі.

22) Як дораць маладую
Зап. у 1984 г. ад скрыпача В.М. Царонка.

23) Расхадовая
Зап. ад В.М. Царонка. Гэтым найгрышам звычайна завяршаўся свадзёбны абрад. У народзе часам жартавалі: так са свадзьбы разганяюць п’яных.

24) Як на вяселлі разводзяць танок
Зап. у 1987 г. ад скрыпача Антона Сільвестравіча Курашыка (1908 г.н.) з в. Дывін Кобрынскага р. Брэсцкай вобл. Згодна з яго сведчаннем, маці і бацька маладой, узяўшыся намітусь і трымаючы хлеб у другой руцэ, круціліся спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Толькі пасля гэтага на вяселлі пачыналіся танцы.

25) Вясельная полька
Зап. у 1974 г. ад скрыпача П.С. Чаеўскага (1911 г.н.) з в. Татаршчына Маладзечанскага р. Мінскай вобл. Музыкант дэманструе віртуознае валоданне інструментам і ўласцівы яму тэмперамент.

Маладыя і музыкант. Мінская вобл., Стаўбцоўскі р., в. Рудня, 1940-я гг.
Маладыя і музыкант. Мінская вобл., Стаўбцоўскі р., в. Рудня, 1940-я гг. Здымак з архіву Яніны Іванаўны Скурат; знойдзены ў архіве VEHA, калекцыі “Дзявочы вечар”.

* * *

Дыск “Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)” з 54 аўдыятрэкамі і буклетам на 35 старонак можна купіць у Менску ў “Этнакраме “Рагна” і ў краме “Акадэмкніга” (пр-т. Незалежнасці, 72). (Калі ласка, удакладняйце ў крамах наяўнасць асобнікаў!)

Укладальніца гэтага выдання Іна Дзмітрыеўна Назіна (1937 – 2021) ― прафесар, доктар мастацтвазнаўства, адна з асноўных даследчыкаў народнай інструментальнай музыкі беларусаў.

Допісы з папярэднімі часткамі выдання:

  1. НІМБ, ч.1 ― Найгрышы на архаічных інструментах;
  2. НІМБ, ч.2 ― Каляндарна прымеркаваныя найгрышы.

Працяг будзе.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.