Свет пабачыла складанка архіўных аўдыязапісаў Іны Дзмітрыеўны Назінай, у якой прадстаўлены шэраг пластоў беларускай народнай інструментальнай музыкі. У гэтым допісе распавядаем пра само выданне і яго стваральніцу, а таксама публікуем частку аўдыязапісаў складанкі.
Што ўяўляе сабой гэтае выданне?
Складанка “Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)” ― гэта, з аднаго боку, рэпрэзентацыйны набор запісаў інструментальнай музыкі, зробленых Інай Дзмітрыеўнай Назінай ад аўтэнтычных носьбітаў на працягу яе даследчыцкай кар’еры. З другога боку, гэта змястоўны тэкст (Уводзіны), у якім аўтарка раскрывае асаблівасці тых пластоў і аспектаў інструментальнай музыкі, якія яна вывучала.
Складанка выпускаецца як дыск і як вэб-публікацыя. Гукавая частка ўключае 54 запісы найгрышаў. Буклет дыска мае 35 старонак і змяшчае ўвесь тэкст Уводзінаў, каментары да аўдыятрэкаў і набор фотаздымкаў народных музыкаў.
Выданне будзе карысным для кампазітараў і музыкаў, даследчыкаў музыкі і этнічнай культуры ўвогуле; аматараў беларускай культуры, а зрэшты і для тых, хто пра яе нічога ня ведае.
Дыск можна купіць у г. Менску ў “Этнакраме “Рагна” і ў краме “Акадэмкніга” (пр-т. Незалежнасці, 72). (Калі ласка, удакладняйце ў крамах наяўнасць асобнікаў!)
У стварэнні выдання дапамагалі сябры Вольнага архіву і этнаграфічнага клубу “Кола”.
Постаць аўтаркі выдання
Іна Дзмітрыеўна Назіна ― адна з ключавых даследчыкаў народнай інструментальнай музыкі беларусаў; а на акадэмічным узроўні ― амаль адзіны такі даследчык. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, працавала ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Запісвала музыку ад аўтэнтычных выканаўцаў у перыяд з 1971 па 2008 г. Аўтарка шэрагу манаграфіяў у тэматыцы музычна-інструментальнай культуры, нотных зборнікаў з даследаваннямі, сцэнароў да шэрагу дакументальных і навукова-папулярных фільмаў; навуковая рэдактарка аўдыявыданняў; арганізатарка выставаў народных інструментаў.
Частка 1 – Найгрышы на архаічных інструментах
Ніжэй прыводзім аўдыязапісы першай часткі складанкі, якая рэпрэзентуе самы архаічны складнік архіву І.Дз. Назінай. Гэта найгрышы на даўнейшых інструментах ― пішчык, парныя дудкі, ражок, свісцёл, ― а таксама найгрышы на скрыпцы, якія дэманструюць архаічны тып музыкі.
Звяртаем вашую ўвагу, што палявыя запісы І.Дз. Назінай адпавядаюць стану народнай інструментальнай музычнай культуры ў 1970…2000-х ― з характэрным для яго захаваным наборам інструментаў, тыпамі твораў, канкрэтным рэпертуарам, тэхнікамі грання. Адпаведна, уласны архіў даследчыцы не ўключае запісаў больш старажытных і калісьці распаўсюджаных на Беларусі інструментаў, такіх як дуда ці колавая ліра. Затое ў ім ёсць запісы іншых архаічных інструментаў, публікацыяў пра якія практычна няма.
Закранаючы архаічны пласт інструментальнай музыкі, ва Ўводзінах да складанкі І.Дз. Назіна піша наступнае:
“[…] У 1970 ― 1990-я гг. мной на тэрыторыі Беларусі былі выяўлены дагэтуль “незнаёмыя” інструменты: яўна старажытныя па сваім паходжанні пышчык (Драгічынскі р. Брэсцкай вобл., […]), язычковы ражок (Чэрвеньскі р. Мінскай вобл.), парныя дудкі (Чэрыкаўскі і Мсціслаўскі р-ны Магілёўскай вобл.) і разнавіднасці гармоніка ― педалёўка, італьянка, паўбаян, губны гармонік акордавай настройкі (Шчучынскі і Карэліцкі р-ны Гродзенскай вобл.). Так былі пашыраныя веды аб саставе народнага музычнага інструментарыя Беларусі, а разам з тым і аб музыцы, якая на ім узнаўлялася. […]
[…] Народна-інструментальная музыка, якой мы зафіксавалі яе ў апошняй траціне XX ст., уключае гукапераймальныя, песенныя і танцавальна-маршавыя найгрышы.
Гукаперайманні належаць да найбольш старажытных і сведчаць пра іх прыродныя і бытавыя вытокі. Па сцвярджэнні скрыпача і дудкара М.П. Капейкі з Асіповіцкага р. Магілёўскай вобл., “му́зыка, як і музычныя інструменты, бярэцца з Прыроды, з жыцця Чалавека, а жыццё Чалавека ўваходзіць у Прыроду”. Па ягоным разуменні, Прырода з’яўляецца ўніверсальнай параджальнай сістэмай, пацвярджэнне чаму знаходзіцца ва ўсіх асноватворных класах народна-інструментальнай музыкі ― не толькі ў гукапераймальным, але і ў песенным і танцавальна-маршавым.
Першы з іх адлюстроўвае самыя разнастайныя гукавыя з’явы ― прыродныя, чалавечыя і бытавыя. Гэта пацвярджае былічка “Цялушачка” (№ 8), у якой структурна неразвітыя гукаімітацыі служаць ілюстрацыяй аповеду. Але з часам, як паказваюць фоназапісы той жа былічкі, моўны тэкст і інструментальныя гукаперайманні пачалі выконвацца паасобку. І нарэшце, кароткія гукаімітацыі саступаюць месца самастойным развітым гукапераймальным найгрышам пад той жа назвай, якія існуюць у розных выканальніцкіх рэдакцыях. […]”
Каментары І.Дз. Назінай да аўдыязапісаў часткі 1
1) Літо (жніво)
Фрагмент песні і найгрыш зап. у 1978 г. ад пастуха Івана Пятровіча Піцухі (1905 г.н.) з в. Сіманавічы Драгічынскага р. Брэсцкай вобл. Найгрыш узнаўляўся на пы́шчыку, зробленым ім са спелай жытняй саломіны, на якой былі нарэзаны язычок і галаснікі (ігравыя адтуліны). Інструмент на вольным паветры гучаў моцна, пранізліва і гугнява, разлягаўся па ўсім наваколлі. Са слоў самога пастуха-музыканта, найгрыш адрасаваўся духам нівы, заклінаючы іх забяспечыць плоднасць зямлі і дастатак людзям.
2) Барынька
Бурлівы танцавальны найгрыш. Зап. ад таго ж выканаўцы. У найгрышы шматразова па-рознаму абыгрываецца адзін і той жа меладыйны зварот (маціў). Пастух адзначаў, што падчас доўгага знаходжання ў полі гэты найгрыш падымае настрой не толькі яму, але і жывёле.
3) Сам по собі
Імправізацыйны найгрыш на свісцёле (свісцёл ― драўляная флейтавая дудка), які І.П. Піцуха ўздумаў сам по собі.
4) Ой, пры лужку, пры лужку
Інструментальная версія аднайменнай рэкруцкай песні, песні старага рэжыму, якая ўзнаўлялася на парных дудках. Зап. у 1973 г. ад І.А. Мураўёва (1895 г.н.), жыхара в. Ластрыгіна Мсціслаўскага р. Магілёўскай вобл. Парнёўкі, існаванне якіх на Магілёўшчыне было ўпершыню зафіксавана мной у 1970-я гады, сустракаліся ўжо зрэдку. Найгрыш выкладаецца двухгалоса: уверсе гучыць мелодыя, якая час ад часу аздабляецца мелізматыкай, а ўнізе яна падвойваецца пераважна ў тэрцыю, што ўзмацняе песенны пачатак.
5) Камарыцкая
Зап. таксама ад І.А. Мураўёва (парныя дудкі). На Магілёўшчыне гэты танцавальны найгрыш называюць яшчэ Лявоніхай па-даўнейшаму.
6) Як каравай дзеляць
Вясельны найгрыш, выкананы на язычковым ражку. Зап. у 1972 г. ад майстра народных музычных інструментаў (дудка, жалейка, ражок, скрыпка, цымбалы, цытра) і выканаўцы на іх Івана Іосіфавіча Лычкоўскага (1902 г.н.) з г. Чэрвеня Мінскай вобл. Па яго ўспамінах, у 20 ― 30-я гады ХХ ст. своеасаблівы і прыгожы па тэмбру ражок гучаў на вяселлях, хрэсьбінах і вячорках разам са скрыпкай.
7) Полька
Зап. ад І.І. Лычкоўскага, які граў яе на самаробнай дзіцячай двухструннай скрыпачцы. На адной яе струне інтанавалася мелодыя, а на другой ― “скразны” бурдон (нізкі гук, які безупынна гучыць). У Беларусі бурдонна-паліфанічны стыль музыкавання (выканання, ігры) належыць да найбольш старажытных інструментальных стыляў і па гучанні падобны да дуды. Апошнім часам ён сустракаўся пераважна ў скрыпачоў сталага ўзросту.
8) Цялушачка
Былічка, зап. ад майстра і музыкі І.І. Лычкоўскага. Паколькі змест былічкі насычаны згадкамі розных гукавых з’яў (усхліпванне, покліч, мыканне цялушкі, рып дзвярэй і да т.п.), дык скрыпка актыўна выкарыстоўваецца для гукавых ілюстрацый да аповеду. Па сутнасці, гэта музыка для слухання, якая звычайна выклікае цікавасць у дарослых і асабліва ў дзяцей.
* * *
У далейшых допісах мы прапануем вам наступныя часткі складанкі “Народная інструментальная музыка Беларусі (палявыя запісы І.Дз. Назінай)”. У іх будуць шырока праілюстраваныя розныя пласты інструментальнай музыкі, у т.л. каляндарна-абрадавы, вясельны, танцавальны.