Кушлянская капэла: (не)беларуская народная музыка (+АЎДЫЯ)

Прапануем вам архіўныя запісы інструментальнай музыкі ад гурта з вёскі Кушляны Смаргонскага раёна. Рэпертуар капэлы характэрны для вясковых танцавальных вечарынак, што ладзіліся ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Апроч аўдыязапісаў прыводзім невялікі аналіз паходжання і асаблівасцяў гэтых найгрышаў. Іх са змаўчання лічаць беларускімі народнымі, але ці сапраўды гэта так?

Удзельнікі капэлы з в. Кушляны: Браніслаў Дэбесь і Генрых Бярнат
Браніслаў Дэбесь (злева) і Генрых Бярнат

Даследчыцкае дбанне не было марным

Запісы, пададзеныя ніжэй, з’яўляюцца часткай архіву Уладзіміра Бярберава ― даследчыка народнай музыкі, сузаснавальніка і мастацкага кіраўніка гурта “Ліцвіны”.

У канцы 1980-х гадоў Уладзімір Бярбераў збіраў для музея ў Заслаўі калекцыю народных музычных інструментаў. Потым музею спатрэбіўся дэманстрацыйны аўдыяматэрыял, і для гэтага Уладзімір Хрыставіч вырашыў запісаць народных музыкаў. Аляксандр Лось, музыка і мастак, параіў яму звярнуцца да некаторых музыкаў у Смаргонскім раёне, у т. л. і да капэлы з вёскі Кушляны.

Кушлянская капэла складалася з трох чалавек: Браніслаў Сцяпанавіч Дэбесь, 1909 г. н. (цымбалы); Сцяпан Яфімавіч Піменаў, 1923 г. н. (гармонік); Генрых (Генадзь) Бярнат (барабан). 

Ніжэй прапануем вам паслухаць 16 найгрышаў гэтага гурта. Большасць з іх запісаная ў 1989 г. ў хаце Браніслава Дэбеся. Каб рабіць запісы на выездзе, Уладзімір Бярбераў вазіў з сабой у вазочку (пешкі і ў грамадскім транспарце) 25-кілаграмовы паўпрафесійны магнітафон “Тембр-2М”, самадзялковы мікшарны пульт і 4 мікрафоны. Запіс рабіўся на хуткасці 19,05 см/с, што павялічвала расход стужкі (іншыя даследчыкі запісвалі на 9 см/с), але дазваляла пашырыць дыяпазон часціняў, што трапляюць на запіс.

У дадатак, Уладзімір Бярбераў, у адрозненне ад іншых даследчыкаў, заўжды запісваў некалькі хвілінаў кожнага найгрыша, а не толькі пару “кругоў”. Гэта дазваляла дачакацца варыятыўнасці і імправізацыі ў выкананні твора.

Дзякуючы гэтым высілкам мы цяпер можам слухаць гуказапісы, якія вылучаюцца як тэхнічнай якасцю, так і зместавай паўнатой на фоне большасці тагачасных палявых запісаў. 

Полька “Тармасуха” ― запіс з ранейшай сесіі, калі У. Бярбераў толькі знаёміўся з капэлай. Зроблены менш дасканалай апаратурай, таму такі шумны. Прыводзім яго тут у якасці “бонус-трэка”.

Многае з рэпертуару кушлянскай капэлы ў далейшым выконвалася гуртом “Ліцвіны” і ўваходзіла ў яго альбомы.

Танцы пад уплывам моды, звычаю і нават палітыкі

Рэпертуар кушлянскай капэлы даволі “інтэрнацыянальны”. Гэта тыповы набор найгрышаў на вясковых танцах у Заходняй Беларусі міжваеннага часу (1921 ― 1939 гг.). Ён у вялікай ступені складаецца з танцаў, якія было “модна” гуляць у той час.

У прыватнасці, сярод найгрышаў капэлы ёсць:

  • некалькі вальсаў ― а гэта жанр, завезены з Заходняй Еўропы ў XIX ст.;
  • падыспань ― а гэта танец / найгрыш, створаны ў Маскве ў 1901 для баляў мясцовага бамонду;
  • факстрот ― танец, створаны ў ЗША ў пачатку XX ст.;
  • абэрак і мазурак ― польскія танцы, што шырока распаўсюдзіліся ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час;
  • пара полек і вясельных маршаў польскага паходжання.

(На думку Уладзіміра Бярберава, у міжваенны час беларускія народныя прафесійныя музыкі зазналі ўціск, ступень якога залежала ад краіны, у каторай яны жылі. Польскія ўлады былі адносна мяккімі: яны дапускалі існаванне капэлаў, калі тыя гралі пэўны рэпертуар (абэрак, мазурак і г. д.), правяралі па нотах, хоць музыкі маглі й ня ведаць нотнага пісьма.)

Усе пералічаныя найгрышы іншаземнага паходжання складаюць большую частку рэпертуару кушлянскай капэлы. Што ж тады беларускага граў гэты гурт?

У якасці першаснага суцяшэння можна лічыць, што многія са згаданых найгрышаў з’яўляюцца беларускімі вясковымі варыяцыямі “імпартных” найгрышаў або нават цалкам мясцовымі творамі папулярных жанраў (у прыватнасці, вальсы).

Але асобна ад пералічанага вышэй у рэпертуары капэлы ёсць, як мы мяркуем, 4 ўмоўна беларускія найгрышы:

  1. дзве полькі ― “Антонаўка”, “Тармасуха”;
  2. літоўскі вясельны марш;
  3. кракавяк.

“Аднак жа ўсе гэтыя назвы адсылаюць да іншых краінаў!” ― скажаце вы. Так, сапраўды; але ёсць нюансы, якія агучым ніжэй.

Беларускі слой і ўплыў Вялікага Княства

Полькі “Антонаўка” і “Тармасуха”

Полька як жанр найгрыша і від танца мае чэшскае (не польскае!) паходжанне і прыйшла ў Беларусь у XIX ст. Але мы мяркуем, што полька як танец у сваёй аснове была блізкай да танцаў, якія дамінавалі ў Беларусі ў ранейшыя часы, і таму полькі “наслаіліся”, “зліліся” з беларускім танцавальным рэпертуарам. (Для гэтага ёсць свае аргументы, але гэта асобная вялікая тэма для разгляду.)

Што да найгрышаў полькі, то мы, следам за шэрагам экспертаў па народных танцах, мяркуем, што ў Беларусі з чыстага аркуша прыдумляліся свае полечныя найгрышы (сутнасна гэтак жа, як маглі прыдумляцца і свае вальсы). І вышэйазначаныя дзве полькі мы лічым прыкладамі такога мясцовага стварэння. Канечне, яны яўна не з’яўляюцца творамі для дуды ― беларускага мясцовага інструмента; яны прыдумляліся ўжо для гармоніка, ці для скрыпкі, ці для цымбалаў.

Кушлянская капэла ў поўным складзе: Браніслаў Дэбесь (злева), Сцяпан Піменаў, Генрых Бярнат
Кушлянская капэла ў поўным складзе: Браніслаў Дэбесь (злева), Сцяпан Піменаў, Генрых Бярнат

Вясельны марш літоўскі

Характарыстыка вясельнага марша як “літоўскага”, здавалася б, адсылае да Літвы. Але, па-першае, у часы стварэння гэтага марша пад “Літвой”, верагодна, мелася на ўвазе Віленшчына і паўночна-заходняя Беларусь, куды наўпрост адносіцца і смаргонскі край. То бок, аўтары найгрышаў, верагодна, карысталіся тэрмінамі яшчэ Рэчы Паспалітай, у якой былі Польшча і Літва (ВКЛ), а не Польшча і Беларусь.

Па-другое, гэты вясельны марш паводле стылю блізкі да згаданай полькі “Антонаўка”, якую мы разглядаем як беларускую. Дарэчы, сама з’ява вясельных маршаў, як лічыць Уладзімір Бярбераў, на Беларусі існавала спрадвеку.

Кракавяк

Танец пад такой назвай быў створаны ў Польшчы і дайшоў да Беларусі ў той жа час, калі і полькі ― XIX ст. Але ў Беларусі ён быў моцна відазменены як у рухах, так і ў найгрышы; з ім адбылося нешта падобнае да таго, што адбылося з полькамі. У выкананні кушлянскай капэлы мы чуем менавіта беларуска-віленскую версію кракавяка.

* * *

Асобна ў рэпертуары капэлы стаіць “Акуліна” ― найгрыш, вядомы пад рознымі назвамі ў розных месцах Еўропы (Нідэрланды, Італія, Беларусь, Латвія, Расея…). Ён паводле сваёй будовы архаічнейшы за полькі і вальсы. Але дзе і калі дакладна ён быў створаны ― гэта пакуль патрабуе высвятлення.

З тэхнічных асаблівасцяў ігры кушлянскага трыё мы вылучылі б манеру бубнача ў польках “Магдаленка”, “Антонаўка”, “Сідзяла на сосьне”. У гэтых найгрышах у канцы некаторых тактаў  (напрыклад, у “Магдаленцы” на адрэзку 0:13…0:16) асноўны барабан пераходзіць на рытм, які нагадвае адначасова джазавы свінг і хардкорны D-beat. Ён выстуквае фігуру з “адцягваннем” долі, міма “камфортнай”, “роўнай” рытмавай сеткі. У гэтыя моманты бубен служыць не як адлік рытму, а як упрыгажэнне для кіроўнага інструмента (гармоніка). Нам невядома, адкуль паходзіць такая манера, але гэта гучыць як архаічнае ці, прынамсі, нязвыклае для сучаснасці выкарыстанне ўдарнага інструмента.

Пасляслоўе

Наяўнасць вясельных маршаў у рэпертуары азначае, што капэла грала ня толькі на танцах, але й на вяселлях. Іншымі словамі, дзейнасць кушлянскай капэлы ў нейкай ступені была прафесійнай.

Усе найгрышы гурта з’яўляюцца прыкладамі функцыянальнай музыкі, бо яны маюць практычнае прызначэнне (танцы, вясельны абрад), а не служаць проста для задавальнення пасіўнага слухача. Між тым, функцыянальнасць ― гэта адна з рысаў традыцыйнай музыкі. Як бачым, музыка можа быць у нейкай ступені традыцыйнай, не з’яўляючыся пры гэтым архаічнай і/ці прывязанай да нейкага дакладнага этнасу.

* * *

Дзякуем Галіне Антонавай і газеце “Светлы шлях” за прадастаўленыя фотаздымкі капэлы. Здымкі ўзятыя з архіваў Генрыха Бярната і Тэрэзы Дэбесь.

* * *

Вопісы фонаархіву Уладзіміра Бярберава даступныя на старонцы “ЗМЕСТ АРХІВУ”.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.