Мы даследуем ня толькі этнічную культуру, але і культуру як цэлае, у тым ліку суадносіны розных яе відаў. Рабіць мэтаскіраваныя змены ў сённяшняй культуры магчыма толькі тады, калі мы разумеем яе “ўнутранае ўладкаванне” і карэнныя адрозненні ад папярэдніх часоў.
На выяве ніжэй прапануем вам параўнанне некаторых рысаў дзвюх скрайнасцяў ― чыстай этнічнай культуры і чыстай масавай (спажывецкай) культуры. Мы імкнуліся пісаць безацэначна, хаця нашыя сімпатыі хутчэй на баку першай.
Магчыма, вас здзіўляе, што мы выкарыстоўваем слова “этнічная”, а не “народная” і не “нацыянальная”. Гэтак адмяжоўваемся ад размытых паняткаў. Пад “этнічнай” маем на ўвазе культуру людзей, што маюць рэальную культурна-моўную ідэнтычнасць ( = тоеснасць, “тое-ж-самасць”), а хутчэй за ўсё і кроўна-родавую і краёвую. У сваю чаргу, слова “народны” можа ўспрымацца проста як “нізавы”, безадносна наяўнасці ідэнтычнасці. Слова ж “нацыянальны” можа абазначаць увогуле прыналежнасць да дзяржавы-нацыі, то бок, палітычную і ідэалагічную, а не культурную ідэнтычнасць.
Да такога параўнання этнакультуры і маскультуры нас падштурхнула калісьці ўбачанае параўнанне з’яваў фізкультуры і спорту; выяву з ім прыводзім ніжэй. Суадносіны гэтых з’яваў, як асобных аспектаў культуры, у прынцыпе паўтараюць суадносіны этнічнага і масавага тыпаў культуры. Іншымі словамі, існуе прыблізная прапорцыя:
этнакультура : маскультура ≈ фізкультура : спорт.
Заўважым, што гэтыя параўнанні не тлумачаць, як ствараецца і чым фармуецца тая ці іншая культура. Культура не жыве сама па сабе, яна з’яўляецца залежнай ад набору іншых чыннікаў ― напрыклад, такіх, як рэлігія і тэхналогія. Гэтыя сувязі мы будзем раскрываць у наступных публікацыях.