Музычны агляд: “Бяседныя песні” (2019)

Увосень праект “Tradycyja” выдаў чарговую тэматычную аўдыяскладанку ― “Бяседныя песні” ― і яна лепшая за папярэднюю. Выдаўцы старанней падабралі спеўны матэрыял і спрабуюць атрымаць максімум карысці ад састарэлага CD-фармату. У складанцы ёсць як этнаграфічныя, так і агульнагістарычныя цікавосткі. Аднак дакладныя мэты выдання і яго мэтавая аўдыторыя застаюцца пад пытаннем.

Канверт-абгортка і вокладка выдання

Адначасова далёка і блізка да людзей

Стваральнікі аўдыявыдання “Бяседныя песні” разумеюць сам “бяседны” жанр досыць шырока. Так, у складанцы ёсць уласна бяседныя паводле зместу песні ― то бок, “застольныя”, “гасцінныя”. Аднак тут ёсць і сямейна-побытавыя, любоўныя і іншыя пазаабрадавыя песні, якія колішнія беларусы спявалі за сталом. Прыводзяцца нават і дзве абрадавыя песні, а менавіта ― хрэсьбінныя: такія песні таксама спяваліся ў бяседзе.

Пра што ўсе гэтыя песні? Пра тое, што блізка большасці людзей і па сёння: сямейна-родавыя, сяброўскія і любоўныя стасункі; шлюб; нараджэнне і доля дзяцей; адпачынак, матэрыяльны дабрабыт і здароўе.

Паслухаць усю складанку можна ў прайгравальніку ніжэй. Ён узяты з афіцыйнага рахунка Bandcamp праекта “Tradycyja”.

Выданне складаецца з архіўных запісаў аўтэнтычнага акапэльнага спеву вяскоўцаў. Частка запісаў узятая з архіву Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) НАН РБ; частка ― з прыватных архіваў. Большая частка запісаў зробленыя ў 1960-х ― 1990-х гг., з адпаведнай якасцю гучання і разнабоем гэтай якасці, што не кампенсуеш майстарынгам. Усё гэта змяншае шанцы выдання быць прывабным для шырокай аўдыторыі, якая любіць сучасных прафесійных выканаўцаў і бліскучы “прадакшн”. 

Зрэшты, стваральнікі складанкі разумеюць гэта. З аднаго боку, яны наўрад ці разлічвалі на шырокую аўдыторыю, а з другога ― паспрабавалі ўсё-ткі павысіць цікавасць праслухоўвання складанкі, разбавіўшы яе інструментальнымі найгрышамі, больш ці менш звязанымі з бяседамі.

Дарэчы, увесь інструментал, змешчаны на дыск, мы б не аднеслі да найлепшых узораў беларускай народнай інструментальнай музыкі. У архіве ІМЭФ можна знайсці цікавейшыя творы ў лепшым выкананні ― аднак для гэтага, вядома, трэба падключаць экспертаў у інструментальнай музыцы.

Наколькі гэтая “выбарка” рэпрэзентатыўная?

У параўнанні з папярэдняй складанкай праекта (“Мужчынская традыцыя спеву”) гэтае выданне паўней ахоплівае тэрыторыю Беларусі. Тут ёсць песні з усіх рэгіёнаў. Тым ня менш, перакос усё адно ёсць: з 34-х запісаў 15 адносяцца да Менскай вобласці. А калі браць этнаграфічныя рэгіёны, то ня менш за 20 запісаў адносяцца да Палесся! 

Зрэшты, “палескі перакос” заўважаўся і раней і ня толькі ў выданнях праекта “Tradycyja”. Найхутчэй, ён звязаны з самім станам культуры і з тым, як арганізоўвалася яе даследаванне ў XX ст. Тым ня менш, дыск, на які запісаная складанка, запоўнены толькі на 90%, і выдаўцы маглі б дадаць яшчэ некалькі непалескіх трэкаў. 

Што датычна мастацкай унікальнасці, то на складанцы ёсць і творы з шырока распаўсюджанымі, “стандартнымі” музычнымі матывамі (яны складаюць культурную норму); і больш незвычайныя і/ці выкшталцоныя песні ― магчыма, характэрныя толькі для пэўнай невялікай тэрыторыі ці для пэўнай сацыяльнай групы.

У складанку ўключаны і прыклад фалькларызаванай аўтарскай песні, якая спявалася ў бяседах ― “Стаіць гара высокая…” ў выкананні Мікалая Тарасюка, народнага майстра-разьбяра з Пружанскага раёна. Мяркуем, што гэты запіс быў узяты ў складанку найперш з-за славутай асобы выканаўцы; бо ў архіве ІМЭФ дакладна можна было б знайсці лепшае выкананне. І для слухачоў-ня-ў-тэме менавіта якаснае выкананне было б каштоўнейшым. 

З гледзішча ўнікальнасці лагічна змяшчаць у новыя выданні толькі такія матэрыялы, якія яшчэ не публікаваліся. З гэтым тут усё добра, і гэта прагрэс адносна папярэдняй складанкі, дзе былі запісы, ужо выдадзеныя раней. 

Падсумоўваючы, можна сказаць, што менавіта як тэматычная складанка “Бяседныя песні” зробленыя досыць добра, прычым лепш за “Мужчынскую традыцыю спеву”.

Прыклад развароту буклета

Гістарычныя цікавосткі ў змесціве

На гэтай складанцы мы сустракаем дзве песні, у якіх ужываюцца этнічныя найменні людзей. Гэта ў прынцыпе нячаста можна пачуць у народных песнях, а на гэтай складанцы цікавы і сам кантэкст гэтых згадак.

Дарожка 17 ― “Ой, на горцы, горцы” ― гэта песня пра жыдоўку Хайку, якая гандлявала віном. З аднаго боку, песню можна было б выкарыстоўваць як этнаграфічны доказ ужывання беларусамі слова “жыд” як нейтральнага, штодзённага слова. (Для беларускамоўнага чалавека слова “жыд” сапраўды ня мае афарбоўкі абразы; такая афарбоўка прыйшла да нас ад шавіністаў-дзержымордаў.)

Аднак практычна ўвесь тэкст гэтай песні ― рускі; палова рыфмаў заснаваная менавіта на рускіх канчатках. Адпаведна, гэтая песня хутчэй за ўсё небеларускага паходжання, таму беларускае “жыд” яна хутчэй кампраметуе, чым апраўдвае.

Дарожка 34 (апошняя) ― ”Ой, лыціла зозулэнька” ― гэта серыя прыпевак, апошняя з якіх утрымлівае слова “ліцвін” як этнонім. Вось тэкст прыпеўкі: 

“А ў каналы воды мало ― 
й у калошах перэйду, 
за лыцвіна выйду замуж ― 
ёго мову пэрэйму”. 

Запіс зроблены ў Драгічынскім раёне (Заходняе Палессе). Якія высновы можна зрабіць з тэксту прыпеўкі?
1) Супольнасць, у якой спявалі гэтую прыпеўку, ліцвінамі сябе не лічыла.
2) Гэтая супольнасць называла ліцвінамі нейкую іншую супольнасць, чыя мова адрозніваецца, але нямоцна (яе можна лёгка пераняць).
3) Назва ”ліцвіны” ў дадзеным выпадку распаўсюджаная на сялянскае саслоўе, а не на шляхту.

Мы раней не сустракаліся з такімі запісамі, але ведаем, што заходнія палешукі рэальна выкарыстоўвалі тэрмін “ліцвін”. Можна выказаць відавочную здагадку, што “ліцвінамі” яны называлі ці то жыхароў беларускага Панямоння, ці то любых беларускамоўных жыхароў (не-палешукоў) былога ВКЛ. Але ўсё ж падобныя прыпеўкі, як і ўжыванне палешукамі слова “ліцвіны” ў размовах, не паказваюць нам, ці існавала слова “ліцвіны” як саманазва беларускамоўных сялянаў. То бок, ці называлі яны так сябе самі. (Калі маеце дакументальнае пацверджанне гэтага ― просім падзяліцца!)

Культурная небяспека

Мы далёкія ад безумоўнага замілавання зместам бяседных песень і прыпевак. Некаторыя з іх змяшчаюць небяспечную для грамадства культурную з’яву. А менавіта ― у іх праслаўляецца спажыванне алкаголю, прычым у вялікіх колькасцях. Удалым, “правільным” выстаўляецца чалавек, які можа “піць гарэлку як ваду”.

Вядома, “з песні слова ня выкінеш”, але і прасоўваць такую творчасць як нашу, сапраўдную культуру мы б ня сталі ― як і прапаноўваць такі спеўны матэрыял у якасці метадычнага ўзору. Мы прасілі б выдаўцоў падобных складанак мінімізаваць папулярызацыю “алканарматыўных” песень; магчыма, раіць, каб слухачы не імкнуліся адпавядаць вобразу, які ўсхваляецца ў такіх песнях. Таксама мы лічым шкодным выкарыстанне алкагольных матываў у маркетынгу такіх выданняў.

Што нас чакае?

Жыхары Беларусі ў 2018 г. спажылі 11,2 л алкаголю (у пераліку на чысты спірт) на душу насельніцтва. У гэтым паказчыку мы блізкія да сусветных “алкагольных лідараў”. Між тым, паводле дадзеных СААЗ, у сярэднеразвітых краінах спажыванне алкаголю з’яўляецца найбольш значнай прычынай хваробаў і інваліднасці грамадзянаў.

Красамоўная таксама і статыстыка здарэнняў у РБ: 90% забойстваў (парадку 300 штогод) здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Сюды можна дадаць парадку 100 чалавек, якія штогод гінуць у “п’яных” ДТЗ, і парадку 200, што гінуць на “п’яных” пажарах ― і атрымаецца каля 600 загубленых людзей штогод. Гэта супастаўляльна з сярэднегадовымі стратамі жаўнераў ЗША ў Іракскай вайне (2003-2011) і РФ у Другой чачэнскай вайне. Але ж мы ня ў стане вайны?

Да гэтага дадаюцца і менш сур’ёзныя, “не-смяротныя” правапарушэнні і здарэнні, і іх на два парадкі больш. Так, штогод адбываецца некалькі дзясяткаў тысячаў “побытавых” злачынстваў ― а гэта хатні гвалт ― і каля 80% з іх здзяйсняюць людзі ў стане ап’янення.

Пры гэтым дзяржаўныя захады ў зніжэнні спажывання алкаголю маюць малы маштаб, які не адпавядае велічыні яго негатыўнага ўплыву. Сярод іншага, гэта заўжды апраўдваецца “звычаямі”, “культурнымі нормамі”.

Выціскаем максімум з састарэлага фармату

Аўдыядыск памёр як носьбіт прыблізна ў 2017 г., калі ў ЗША агульны час праслухоўвання людзьмі музыкі анлайн перавысіў агульны час праслухоўвання іншымі спосабамі, у т.л. з дыскаў. У сучасным свеце практычна не засталося змыслу рабіць аўдыявыданні на кампакт-дысках. Свядома ці несвядома кампенсуючы гэтыя абставіны, каманда выдаўцоў “Бяседных песень” спазіцыянавала складанку як “кнігу-CD” і выдала яе з аб’ёмным буклетам (“кнігай”) з вялікай колькасцю звестак. Тэарэтычна гэта можа павысіць каштоўнасць выдання ў параўнанні з “проста-CD”.

Асобнік складанкі прадаецца прыблізна за 25 BYN. Мяркуем, што было б больш карысці для распаўсюду змесціва складанкі, калі б замест вялікага дарагога буклета быў зроблены просты сайт-візітоўка. Прычым каб на сайце можна было паслухаць усе песні, пачытаць іх тэксты і звесткі пра іх, зрабіць па гэтым усім тэкставы пошук і, урэшце, скапіяваць патрэбнае аўдыя- ці тэкставае змесціва і выкарыстаць яго ў нейкай дзейнасці. З друкаванага ж буклета тэксты лёгка не скапіюеш.

Візуальна выданне аформлена лаканічна, у трох “асноўных” для Беларусі колерах, што адпавядае “народнаму” змесціву. Выявы на некаторых фотаздымках аздоблены чырвонымі контурамі, якія ў арыгінале ствараліся з дапамогай вышыўкі. Магчыма, гэта цікавае дызайнерскае рашэнне, але тут у выніку карыстальнік трымае ў руках “фотаздымак фотаздымка”, а рэальнай вышыўкі ня бачыць і ня можа адчуць навобмацак. А паколькі фота ў кнізе-буклеце невялікага фармату, то не адразу заўважна, што чырвоныя лініі ― гэта менавіта вышыўка, а не крывенькая дамалёўка ад рукі. Магчыма, больш апраўдана было б цалкам кампутарнае афармленне ў падобным духу. Больш “роўнае” аздабленне прыбрала б і асацыяцыю са старымі школьнымі падручнікамі, размаляванымі іх папярэднімі карыстальнікамі.

Прыклад “вышыванага” фотаздымка ў буклеце

Вялікая літара “Т”, лагатып серыі, выглядае запамінальна, але з тэматыкай выдання не асацыюецца. Нагадвае нешта “маякоўскае”, чырвоны молат, кубізм ці рэкламу конкурсу сучаснага паліграфічнага дызайну.

Магчыма, стваральнікі імкнуліся зрабіць візуальнае змесціва як мага менш манатонным, каб чытачу было “ня сумна”. У выніку, напрыклад, на працягу буклета адбываюцца ня вельмі патрэбныя метамарфозы “Т”-лагатыпу. На некаторыя фотаілюстрацыі накладзены насычаны чырвоны фільтр, што стварае злавесны выгляд і ўскладняе ўспрыманне фота. А тэкст буклета ў пары месцаў перакулены на бок, што ня робіць яго цікавейшым, а пагатоў зручнейшым для чытання.

З добрых момантаў у афармленні можна адзначыць адсутнасць памылкі, якая часта сустракаецца ў выданнях з пэўнай свабодай у размяшчэнні фота. А менавіта: у “Бяседных песнях” ніводзін твар ня трапіў у шво паміж старонкамі на развароце.

 Агулам жа складанка мае цэльны, класічны дызайн з прысмакам святочнасці. Сумніўных момантаў няшмат, і яны практычна не перашкаджаюць добраму ўспрыманню.

Для каго гэта ўсё?

Мы ўдзячныя выдаўцам, што яны выклалі ўсе гуказапісы складанкі на вольнае праслухоўванне. Гэта радыкальна павялічыць магчымы ахоп аўдыторыі.

Пры гэтым, як ужо было сказана, такія складанкі ня могуць быць запатрабаваныя сапраўды шырокімі масамі. Гэта матэрыял ці то для вузкага кола аматараў даўняй музыкі, ці то для прафесіяналаў, якія будуць з гэтым матэрыялам нешта рабіць у межах сваёй дзейнасці. Наўрад ці стваральнікі “Бяседных песень” распрацоўвалі якія-небудзь user personas такіх прафесіяналаў, каб адаптаваць выданне пад іх патрэбы. Аднак мы можам уявіць постфактум, для каго складанка была б карыснай:

1) для метадыстаў Мінадукацыі, якія ― тэарэтычна 🙂 ― уключалі б штосьці з гэтых песень і звестак у школьную праграму (у прадметы, якія тычацца музыкі, літаратуры, мовы, мастацкай культуры…);

2) для сучасных пісьменнікаў і паэтаў, якія ― тэарэтычна ― выкарыстоўвалі б сюжэты, вобразы ці моўныя элементы з гэтых песень у сваіх творах;

3) для аўтараў сучаснай, не-фолькавай музыкі, якія ― тэарэтычна ― выкарыстоўвалі б мелодыі ці стыль гэтых песень у сваёй творчасці.

Такое выкарыстанне несла б доўгатэрміновае ўздзеянне на ўсё грамадства і магло б яго змяняць.

Вядома, можна назваць і іншых карыстальнікаў-профі ― напрыклад, акадэмічных навукоўцаў ці журналістаў-”папулярызатараў”. Але іх дзейнасць, у сілу сваіх асаблівасцяў і беларускага кантэксту, ня можа змяніць грамадства.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.