Зірніце, калі ласка, на гэтую цытату, датычную аховы архітэктурнай спадчыны. Вам гэта нічога не нагадвае? 🙂
“…У сучасных крытычных даследаваннях ужо добра замацаваўся тэрмін “ЮНЭСКАізацыя горада”, які азначае негатыўныя наступствы атрымання горадам статусу Сусветнай спадчыны.
[…] Пад наплывам турыстаў цэны ў гістарычным цэнтры растуць звыш меры, жылыя дамы замяняюцца гасцініцамі, прадуктовыя крамы выціскаюцца барамі. Павышаны прэстыж стымулюе новыя будаўнічыя інтэрвенцыі. Адбываецца ў найлепшым выпадку джэнтрыфікацыя, але хутчэй за ўсё дэпапуляцыя. Падобны лёс напаткаў гістарычныя цэнтры Кракава (дзе з некалькіх тысячаў жыхароў цэнтру засталося некалькі сотняў), Прагі; і, канечне, найярчэйшым прыкладам “забойства” з’яўляецца Венецыя.”
Калі мы ператвараем культурную спадчыну ў музейны экспанат, імкнёмся захаваць яе ў статычнай форме, “правільнай” для нейкага перыяду мінуўшчыны, то мы папросту выціскаем яе з рэальнага жыцця. Ці, дакладней, выціскаем з яе жыццё. Спадчына губляе практычны змест, становіцца пустым рудыментам, фасаднае існаванне якога штучна падтрымліваецца. Яна перастае быць здабыткам мясцовай супольнасці. Яна становіцца здабыткам вонкавых турыстаў, якія плацяць, каб паглядзець на “сапраўдную культуру”, і аніматараў і экскурсаводаў, якія прафесійна яе паказваюць.
Гэта тычыцца нематэрыяльнай спадчыны гэтак жа, як матэрыяльнай. Рэканструюючы музычныя творы ці святочныя абрады і ўзнаўляючы іх у адной і той жа старой гістарычнай форме, мы штурхаем іх у пастку мінулага. Яны стаяць на месцы, а жыццё змяняецца далей. Праз нейкі час яны цалкам ператворацца ў штучную дэкарацыю, згубяць апошніх аўтэнтычных носьбітаў і будуць узнаўляцца толькі прафесіяналамі на камеру.
Як у Заходняй Еўропе навучыліся прадухіляць такі стан у выпадку архітэктурнай спадчыны? Прынцып просты: гістарычныя часткі гораду задзейнічаюць у рэальным штодзённым жыцці мясцовай супольнасці. Інакш кажучы, АКТУАЛІЗУЮЦЬ спадчыну.
Як менавіта? Напрыклад, заахвочваюць сучаснае пераабсталяванне і выкарыстанне гістарычных будынкаў у якасці жылых для звычайных людзей. Знаходзяць для гістарычных збудаванняў і мясцінаў новае ўдалае практычнае прымяненне, раней для іх не характэрнае (напрыклад, грамадскія прасторы ці фізкультурныя цэнтры ў старых прамысловых будынках). Дапускаюць у гістарычных раёнах стварэнне новых будынкаў сучаснага прызначэння, але добра спалучаных з наяўнымі старымі. Абмяжоўваюць у такіх раёнах індустрыю турызму і забаваў; не дапускаюць узвінчвання цэнаў на нерухомасць.
А што рабіць з нематэрыяльнай спадчынай, каб прадухіліць яе музеефікацыю і адміранне? Прынцып той жа самы! Трэба знаходзіць шляхі яе выкарыстання ў рэальным жыцці звычайных людзей ― прычым не ў выглядзе сімвалічнай нашлёпкі кшталту арнаменту на майтках ці тумбачках.
Больш дакладна? Напрыклад, выкарыстоўваць стыль мелодый народных песень пры стварэнні новых, сучасных музычных твораў. Выкарыстоўваць этнічную музыку для пачатковай музычнай адукацыі дзяцей. Ужываць звесткі пра дыялекты для ўдасканалення літаратурнай мовы, узбагачэння мовы новых літаратурных твораў. Ужываць этнічную музыку, дызайн, элементы абрадаў у псіхатэрапеўтычных практыках. Уводзіць народныя абрады ў праграму малодшай школы, даючы дзецям супольнае перажыванне нацыянальнай містэрыі. Прымяняць стыль і прынцыпы этнічнага дызайну для стварэння новых сучасных аб’ектаў (адзення, упрыгажэнняў, інтэр’еру, мэблі, будынкаў). Відазмяняць народныя абрады так, каб яны былі актуальныя і зразумелыя ў сучасным кантэксце і маглі практыкавацца ўсімі людзьмі.
То бок, ёсць безліч спосабаў зрабіць так, каб культурная спадчына была ўбудаваная ў нашае сучаснае жыццё і працавала на яго паляпшэнне ― а не была рэканструяванай дэкарацыяй для турыстаў, якую ім паказваюць па свістку мэнаджара.
* * *
Прыведзеная ў пачатку цытата ўзятая з артыкула Сцяпана Стурэйкі “Гістарычны цэнтр: нараджэнне і смерць”, размешчанага ў 12-ым выпуску альманаху “Гарадскія тактыкі” (PDF-файл). Сцяпан Стурэйка ― старшыня Беларускага камітэта ICOMOS, гісторык, культурны антраполаг.
Раім пачытаць увесь 12-ы выпуск “Гарадскіх тактыкаў”. Ёсць у ім і артыкул пра эксперыменты Вольнага архіву з калядаваннем. Сучасная праца з архітэктурнай спадчынай у сваіх праблемах і рашэннях моцна перагукаецца з нашым, этнаграфічным абшарам.