Рэканструкцыя: апошнія дні грамадства?

Пры адчуванні вялікай, смяротнай небяспекі ці ў стане клінічнай смерці чалавек часам хутка ўзгадвае ўсё сваё жыццё ў выглядзе плыні вобразаў ці падзеяў. Пэўную аналогію гэтаму можна ўбачыць у з’яве гістарычнай рэканструкцыі, якая набыла масавую папулярнасць сярод еўрапейцаў, пачынаючы з 1970-ых. Тут у ролі чалавека ў перадсмяротным стане выступае само грамадства (краіна ці нават цывілізацыя), а ў ролі яго ўспамінаў ― яркая і інтэнсіўная рэканструктарская дзейнасць.

Падкрэслім, што гаворка не пра рэканструкцыю, якая вядзецца навукоўцамі ў даследніцкіх цэлях ці чыноўнікамі дзеля ўпрыгажэння ўрачыстасцяў. Гаворка ідзе пра субкультуру гістарычнай рэканструкцыі, у якой добраахвотна занятыя дзясяткі тысяч звычайных людзей.

У нас і ў суседніх краінах субкультурныя суполкі рэканструююць матэрыяльную культуру, жыццё і дзеянні самых розных эпохаў і супольнасцяў: старажытнага Рыму; старажытных кельтаў; сярэднявечнага гораду і рыцарства; напалеонаўскіх войнаў; розных лагераў у Першай сусветнай; Вермахта, Чырвонай арміі і нацыяналістычных фармаванняў часоў Другой сусветнай; нават плямёнаў амерыканскіх індзейцаў.

Пад рэканструктарскую дзейнасць падпадаюць і дзеянні значнай часткі ўдзельнікаў этнаграфічнага руху. Яны імкнуцца дакладна аднавіць культурныя формы “эталонных” беларусаў ― сялянаў XIX ст. з тэрыторыі Северо-западного края Расійскай Імперыі.

Усё гэта журботная рэч, якая нагадвае рэзкае і адначасовае ўзгадванне, перапражыванне грамадствам вобразаў усяго яго мінулага жыцця. Ці не наступіць пасля гэтага смерць грамадства ― прынамсі, у сённяшнім яго выглядзе?

Захапленне мінуўшчынай і імкненне да матэрыяльнага (хоць і часовага, гульнёвага) вяртання ў яе можа азначаць, што сучасны свет для людзей невыносны ці абыякавы, а бачання новай будучыні грамадства ня мае. З невыноснай ці нецікавай сучаснасці хочацца ўцячы, але няма куды бегчы, акрамя як у мінулае.

Рэканструкцыя займае шмат часу і сілаў недурных, інтэлігентных людзей, але не стварае нічога новага. Моцна захапляючыся ёй, інтэлігенты такім чынам выпадаюць са стварэння будучыні свайго грамадства. Замест іх гэтую задачу, прадказальна, выконваюць іншыя ― і часта тыя, каму лепш ёй не займацца.

Паглыбляючыся ў рэканструкцыю, разумныя людзі могуць пачынаць займацца ёй прафесійна ― напрыклад, у выглядзе анімацыі, забаўляння публікі; у выглядзе рамесніцтва і продажу рэканструктарскіх артэфактаў, сувеніраў. Такая дзейнасць збольшага малакваліфікаваная, і яна выцягвае людзей з тых сфер, дзе іх розум мог бы быць карысным і прыносіць ім самім рэальны поспех.

Рэканструкцыя як субкультура шчыльна звязаная з гульнёй і ўдаваннем, выхадам з сапраўднага свету. Гульня можа быць карыснай напачатку, пакуль удзельнік знаёміцца з умовамі і атрымлівае новыя перажыванні. Але працяглае знаходжанне ў гульні шкодзіць; дасягненні ў гульні працуюць як кампенсацыя нейкіх рэальных праблемаў.

Паколькі рэканструкцыяй, як і ролевымі гульнямі, займаюцца дарослыя людзі, то ёсць меркаванне, што яе распаўсюд ідзе поруч з інфантылізацыяй насельніцтва ― здзяціньваннем. То бок, зніжэннем узроўню суб’ектнасці і навыкаў вырашэння праблемаў у дарослых людзей. Грамадства ў такім стане знаходзіцца ў смяротнай небяспецы, бо звонку заўжды ёсць актыўныя барбары, якія не займаюцца гульнямі, а рыхтуюцца да заваёваў.

Масавае захапленне рэканструкцыяй ― гэта не прычына заняпаду, а хутчэй сімптом эпохі. Тым ня менш, мы свядома пазбягаем такой дзейнасці і цікавімся пытаннямі будучыні. Калісьці ў Беларусі ― і, шырэй, Еўропе ― з’явяцца кіраўнікі, якія здолеюць прапанаваць новую і цікавую будучыню. Варта ўжо сёння палягчаць іхнюю задачу.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.