Традыцыйная музыка: “правільнасць”

Раней мы пісалі пра функцыянальнасць традыцыйнай музыкі, то бок яе прызначанасць для выканання пэўных задач апроч задавальнення слухача. Музыка ў такіх абставінах выкарыстоўваецца як інструмент, сродак.

Апроч ужо згаданай канцэптуальнасці, яшчэ адным нязменным спадарожнікам функцыянальнасці музыкі з’яўляецца яе знешняя “правільнасць”. Пад “правільнасцю” маецца на ўвазе адпаведнасць пэўным фармальным патрабаванням, якая дазваляе музыцы выконваць сваю функцыю.

Як немагчыма забіваць цвікі падушкай, так і немагчыма, напрыклад, грамадзе зладжана танчыць пад музыку з непрадказальнай зменай тэмпу і рытму. Фармальных абмежаванняў можа быць вельмі шмат. Ніжэй яшчэ некалькі прыкладаў.

  • Людзям, што не ёсць прафесійнымі спевакамі, цяжка выконваць песні, якія патрабуюць шырокага дыяпазону голасу. Таму, напрыклад, дыяпазон нотаў у народных песнях часта не перавышае адной актавы.
  • Паколькі традыцыйная інструментальная музыка выконваецца збольшага жывымі людзьмі, непрафесіяналамі, у пэўных тэхналагічных умовах, то для яе ўжываецца досыць абмежаваны і нязменны набор інструментаў.
  • Тэмп паходных песень для салдатаў пяхоты павінен адпавядаць хуткасці кроку. Калі ўзяць з найноўшага часу, то ў РСЧА гэта было 120 удараў у хвіліну, у немцаў ― 112.
  • Старажытныя грэкі былі ўпэўненыя ў магчымасці той ці іншай музыкай выхоўваць чалавека тым ці іншым чынам. Так, для выхавання мужнасці і дысцыпліны трэба было, каб чалавек пастаянна чуў мелодыі ў фрыгійскім і дарыйскім ладах.
  • Рэлігійныя спевы часта прадугледжваюць “скасаванне” асобы выканаўцы з яе паўсядзённымі эмоцыямі, выхад на “надчалавечы” ўзровень. Адсюль спецыфічнае ўрачыстае аднастайнае гучанне.
  • На пэўным этапе хрысціяне лічылі інтэрвал “трытон” (малая квінта) д’ябальскім і спрабавалі будаваць партыі песень так, каб ён не прагучаў.

(“Правільнасць” твораў, іх функцыянальная адпаведнасць пэўным крытэрам ― магчыма, тое, што з часам выраджаецца ў г. зв. “кананічнасць”. Выраджэнне тут у тым, што пры згубе разумення, чаму і навошта трэба рабіць менавіта так, творцы пачынаюць проста інерцыйна, неазмыслена паўтараць зробленае папярэднікамі.)

У выніку розных абмежаванняў традыцыйная музыка для сучаснага чалавека можа гучаць вельмі аднастайна. “Усе песні аднолькавыя”. “У вас усе абрадавыя песні ― адзін і той жа бабскі вой”. Што беларускія абрадавыя, што грыгарыянскія хрысціянскія спевы, што песні Motorhead і Slayer ― “усё адно і тое, ніякай разнастайнасці”.

Сучасны слухач прызвычаены, што музыкі забаўляюць яго пастаяннымі знешнімі зменамі ― новымі інструментамі і гукамі, новымі тэмбрамі галасоў, чаргаваннем неспалучальнага ў тэмпах і рытмах; нарэшце, пастаяннай зменай іміджу.

Традыцыйны ж музыка абмежаваны ў арсенале антуражу, а цікавасці і прыгажосці музыкі дасягае збольшага за кошт мелодый, рытмаў, кампазіцыі ― то бок, стрыжнёвай сутнасці музыкі. Той сутнасці, якую мадэрн і постмадэрн гатовыя забыць.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the Пастаянная спасылка.

Каментары закрытыя.