Сярод шэрагу прыкметаў, моладзевым субкультурам практычна заўжды ўласцівая пэўная закрытасць, жаданне элітарнасці. Жаданне адрознівацца ад навакольнага абывальніцтва. Часам ― утапічныя мары пра карэнныя змены ў грамадстве ― мары, якія досыць парадаксальна спалучаюцца з вышэйзгаданай закрытасцю.
Як мы казалі раней, асяродак аматарскай этнаграфіі ў Беларусі мае практычна ўсе асноўныя субкультурныя прыкметы. Ніжэй разгарнём яшчэ адну аналогію, звязаную з трансфармацыяй субкультур.
Адной з пагрозаў для існавання субкультуры з’яўляецца пераход яе вонкавых эстэтычных атрыбутаў у здабытак шырокай грамадскасці. Удзельнікі субкультуры гэткім чынам губляюць сваю вонкавую эксклюзіўнасць. А праз гэта змяншаецца і іхняя зацікаўленасць у самім прадмеце субкультуры.
Вы ня чулі пра такое?
Скінхэды і фанаты ва ўсходняй Еўропе часам наракаюць, што адзенне і абутак іхных брэндаў (!) пачалі насіць такія людзі, з якімі яны ў адной сталоўцы есці ня сядуць. “Кузьмічы” і іншыя абывальнікі.
Беларускія гатычныя дзяўчаты з цягам часу з засмучэннем заўважылі, што элементы іх строю, іх упрыгожанні сталі моднымі ў тусоўках “звычайнай” моладзі, на звычайных дыскатэках. Стаўшы модай, “гатычнасць” неўзабаве згасла ― разам з мясцовымі выканаўцамі готык-року.
“Сапраўдныя” металхэды па ўсім свеце наракаюць, што вонкавыя атрыбуты іхняй творчасці сталі эксплуатаваць вельмі многія выканаўцы. Цяжкі і грубы гук, інтэнсіўныя музычныя партыі, спецыфічны антураж ― гэтага стала дастаткова, каб называць сябе металам і зачароўваць аўдыторыю. Пры гэтым сапраўдны андэграўндны метал патанае ў моры такіх імітатараў, становіцца неістотным і фактычна вымірае.
І цяпер узгадайма нядаўні “вышываначны трэнд”. Пры з’яўленні попыту і серыйнай вытворчасці адзення з арнаментам наш этнаграфічны асяродак амаль што ўскіпеў абурэннем. Аняго ж! Этнічныя сімвалы, цалкам вырваныя са свайго культурнага кантэксту, стала ўжываць шырокая грамадскасць, якая зусім не разбіраецца ні ў этнаграфіі, ні ў традыцыйнай культуры. Набралі папулярнасць некампетэнтныя інтэрпрэтацыі народнай культуры. Манаполія субкультуры на этнаінфармацыю пахіснулася, “правільныя” веды сталі патанаць у моры шуму (Shuma :)), размывацца плынню моды. Дык што ж будзе далей?
…Такая сітуацыя ― выклік для субкультуры. Яна тут можа ўвогуле стаць перад выбарам. Або з яе вырастае сапраўдная, адкрытая, дарослая арганізаваная дзейнасць ― палітычная, эканамічная, рэлігійная, мастацкая, спартовая, дабрачынная – або субкультура сыходзіць бясследна.
З іншага ракурсу такое становішча ― гэта настойлівы запыт да кожнага субкультурніка: ці сапраўды ты неяк унутрана, прынцыпова адрозніваешся ад навакольнага грамадства? Ці сапраўды маеш што новага і карыснага прапанаваць свету? Або гэта ў цябе было толькі знешняе, фасаднае адрозненне? У большасці выпадкаў, дарэчы, верным з’яўляецца апошні варыянт.