Складанка “Народная інструментальная музыка Беларусі” (частка 4)

Публікуем чацвёрты раздзел складанкі архіўных гуказапісаў Іны Дзмітрыеўны Назінай. У гэтым раздзеле вы пазнаёміцеся з некаторымі танцавальнымі найгрышамі. Прыводзім самі гуказапісы, каментары І.Дз. Назінай і ўласныя каментары Вольнага архіву датычна беларускай танцавальнай музыкі. Як вы думаеце, адкуль у беларусаў узнікалі танцы і найгрышы да іх? 😉

Пётр і Марыя Ясінскія, сямейны дуэт цымбаліста і бубначкі (Менская вобл., Вялейскі р., м. Куранец). З архіву кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Пётр і Марыя Ясінскія, сямейны дуэт цымбаліста і бубначкі (Менская вобл., Вялейскі р., м. Куранец). З архіву кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Частка 4 – Танцавальныя найгрышы

Прыроднасць і не зусім

Можна заўважыць, што некаторыя найгрышы гэтай часткі маюць “татэмную”, жывёльную назву, што агулам характэрна для беларускіх танцаў. Відаць, гэта архаічная з’ява, і такія назвы сведчаць на карысць больш мясцовага або проста больш ранняга – нават калі не мясцовага – паходжання адпаведнага танцу ці найгрыша. У выпадку “Жабкі” (№26) і “Вераб’я” (№27) маем найгрышы, вядомыя і ў суседніх краінах і, верагодна, створаныя не пазней за Сярэднявечча. У іх паўтараецца структура з частак накшталт A-B-B, то бок, умоўны “куплет” штораз граецца 1 раз, а ўмоўны “прыпеў” – 2 разы. Гэта робіць найгрыш больш “неквадратным”, што можа дадаткова сведчыць аб архаічнасці.

Пры гэтым танец “Жабка” ў беларусаў заснаваны на жартоўным перайманні рухаў і скокаў жабаў; і нават часам з галасавой імітацыяй квакання жабаў замест прыпевак. І ў танцы “Верабей” таксама ёсць перайманне падскокаў вераб’я.

Ніжэй прыводзім фотаздымак з яшчэ адным прыкладам пераймання жывёлаў: жанчына паказвае танец “Ліса і барсук” (найгрыш невядомы). Магчыма, сучасныя субкультуры квадробераў, а то і furry-людзей, не з’яўляюцца цалкам чужымі для ўсходняй Еўропы, бо маюць тут сацыяльна-гістарычныя папярэднікі?

* * *

Цікава, што сямейны дуэт Ясінскіх (муж Пётр і жонка Марыя), ад якіх запісаныя “Жабка” і “Верабей” – гэта першы і адзіны выпадак з’яўлення жанчыны-інструменталісткі ў гэтай складанцы. У беларускай народнай культуры інструментальная музыка – мужчынскі занятак. Не было такога, каб жанчыны самастойна аднаасобна прафесійна займаліся музыкай. Рэдкія жанчыны-музыкі – гэта заўжды частка сямейных гуртоў, у якіх жанчына абароненая мужчынам-сваяком (-амі): дачка пры бацьку (і/ці братах), жонка пры мужу. У дадатак, бубнач часта і не лічыўся за музыку.

* * *

Полька “Салавей” (№35) падаецца нам выбітным прыкладам кампазітарскага і выканальніцкага ўмення. У вас можа быць пэўная спакуса лічыць назву “Салавей” першапачатковай, старажытнай, а ў найгрышы чуць гукаперайманне спеву птушкі. Аднак гэтая назва можа быць толькі адной з многіх мясцовых назваў аднаго і таго ж найгрышу, як гэта часта бывае. Напрыклад, гэта можа быць першае слова прыпеўкі, што спяваецца пад гэты танец у гэтай мясцовасці. Да таго ж не існуе папулярных уяўленняў аб нейкіх характэрных рухах салаўя (птушкі), каб на аснове іх пераймання стварыць танец ці назваць занесены танец. Пры гэтым сам найгрыш “Салавей” сапраўды можа быць раннім і створаным да прыходу полькі на Беларусь.


“Мяцеліца” (№33) – найгрыш яшчэ аднаго хоць і не “татэмнага”, але “прыроднага” танцу. Звычайна гэта даволі хуткі танец, у ім частка руху адбываецца ў выглядзе кроку-бегу; у нейкіх варыянтах “Мяцеліцы” выкарыстоўваюцца ручнікі ці паясы, якія трымаюць у руках. Агулам ствараецца падабенства віхуры, завеі. Танец вядомы ў беларусаў,
украінцаў; магчыма, і ў рускіх. У прыведзеным тут найгрышы адносна “неквадратная” музычная фраза запеву, дзе моцныя долі выстаўленыя ў “нязручным” для сучаснага вуха парадку, што сведчыць на карысць архаічнасці.

Тутэйшая старажытнасць і зусім  не

“Колушка” (№28) і “Кружок” (№29). На гэтых запісах з Берасцейшчыны чуем, магчыма, роднасныя архаічныя найгрышы / танцы, якія таксама называюцца іншымі падобнымі імёнамі: “Кола”, “Круток”, “Крутак”, “Круган”, “Кругавая”, “Круціха”. Гэта даволі даўнія танцы, якія былі ў беларусаў у часы да прыходу полькі. Танцы з такімі назвамі фіксавалі этнографы XIX ст. на каляндарных святах – у прыватнасці, на Купаллі, – а таксама на вяселлях і проста вечарынках. Танцы з падобнымі назвамі вядомыя ў розных славянскіх народаў.

Пры гэтым прыведзены варыянт “Колушка” складаецца з некалькіх розных частак. Магчыма, гэтыя часткі калісьці былі асобнымі танцамі, а ў дадзеным выпадку сталі часткамі новага складанага танцу. Такі лёс, напрыклад, мелі даўнішнія адначасткавыя ўкраінскія коломийки.

Іван Сарока (скрыпка) і Рыгор Семянчук (бубен) (Брэсцкая вобл., Драгічынскі р., в. Адамова)
Іван Сарока (скрыпка) і Рыгор Семянчук (бубен) (Брэсцкая вобл., Драгічынскі р., в. Адамова)

“Камарыцкі” (№31) і “Барыня” (№32) з’яўляюцца роднаснымі найгрышамі або папросту варыянтамі аднаго і таго ж. Яны архаічныя і маюць “неквадратныя” памеры, якія ў дадатак могуць і змяняцца ў ходзе выканання. Даследчык народнай музыкі Ўладзімір Бярбераў выказваў гіпотэзу, што геаграфічны распаўсюд “Лявоніхі”, “Камарыцкага (-кай)” і “Барыні” адпавядае распаўсюду культураў: “Лявоніха” – беларуская, “Барыня” – руская, а “Камарыцкі” – нешта прамежкавае. Калі так лічыць, то прадстаўленыя тут “Камарыцкі” і “Барыня” з’яўляюцца хутчэй не характэрнымі для тых мясцінаў, дзе яны былі запісаныя (Драгічынскі ды Вялейскі раёны). 

Аднак складана нешта ўпэўнена сцвярджаць аб паходжанні старадаўніх найгрышаў, калі мы маем толькі адносна нядаўнія звесткі. Так, тэкставыя сведчанні пачынаюцца ў асноўным з XIX ст., а адносна масавыя гуказапісы – толькі з 1960-х гг. Да таго ж, у розных месцах Беларусі запісвалі найгрыш, які музыкі называлі “Лявоніха па-даўнейшаму” (“Лявоніха, як бацька граў”, “Лявоніха руская”…), але меладычна гэта варыянт “Камарыцкага”. Архаічныя найгрышы схільныя да зменлівасці: у сілу сваёй простасці яны зручныя для імправізацыі, і на іх простай аснове можна зрабіць мноства варыянтаў, адначасова падобных і адрозных адзін ад аднога. Але таямніца першаснага паходжання гэтых “базавых” найгрышаў яшчэ чакае свайго даследавання.

“Падушачка” (№30) – распаўсюджаны карагод, верагодна, даволі даўні, аднак яго варыянты вядомыя і ў іншых народаў, напр., літоўцаў, донскіх казакоў. У гульнёвай разнавіднасці яго дзея складаецца з таго, што ўдзельнікі праяўляюць міжполавую цікавасць адно да аднаго: дзяўчаты і хлопцы па чарзе дораць нейкі пераходны падарунак – падушачку, ці хустку, ці пояс – таму хлопцу ці дзяўчыне, якія спадабаліся, і гэта суправаджаецца пацалункам. 

Магчыма, “Падушачка” калісьці прымяркоўвалася да святаў ці абрадаў, падчас якіх былі ігрышчы моладзі і пачыналі фармавацца будучыя шлюбныя пары.

Хуткасць прыведзенага тут выканання дае падставу меркаваць, што гэта танцавальны варыянт “Падушачкі”.

Найгрыш і танец “Падыспан” (№34) з’яўляюцца папросту мясцовым варыянтам танца, прыдуманага ў Маскве ў пачатку XX ст. Гэта мастацкая спадчына Расейскай Імперыі, а не мясцовы народны танец / найгрыш. (Мы падрабязна пісалі аб гэтым раней.) У дадзеным выпадку найгрыш мае больш старажытнае і народнае гучанне – праз асаблівасці ігры на цымбалах.

Цымбаліст М.А. Анушонак (Віцебская вобл., Гарадоцкі р., г.п. Езярышча). Страціў руку на 2-ой сусветнай вайне, але працягваў граць, прыстасаваўшыся да новага стану.
Цымбаліст М.А. Анушонак (Віцебская вобл., Гарадоцкі р., г.п. Езярышча). Страціў руку на 2-ой сусветнай вайне, але працягваў граць, прыстасаваўшыся да новага стану.

Каментары І.Дз. Назінай да аўдыязапісаў часткі 4

26) Жабка
Старадаўні найгрыш да сольнага мужчынскага танца. Зап. у 1980 г. ад цымбаліста Пятра Андрэевіча Ясінскага (1910 г.н.) і бубністкі (ягонай жонкі) Марыі Аляксандраўны Ясінскай (1912 г.н.) з в. Куранец Вілейскага р. Мінскай вобл. Па ўспамінах музыканта, мужчыны, стаўшы на пальцы ног і выцягнутыя рукі, імітавалі падскокі жабкі. Перад пачаткам танца яны закладаліся, хто болей зможа праскакаць падобна жабцы. Адзначым, што раўнамерная рытмавая пульсацыя мелодыі выклікае вобразныя асацыяцыі са скокамі жабкі.

27) Верабей
Імітацыйны па характары і вобразнасці танцавальны найгрыш. Зап. таксама ад П.А. і М.А. Ясінскіх. Разам з найгрышам выконвалася прыпеўка: “Як захацеў верабей / Крута ажаніцца, / Сладкай грэчкі каштаваць / І мёду напіцца…”

28) Колушка
Найгрыш зап. у 1987 г. ад скрыпача Антона Сільвестравіча Курашыка (1908 г.н.) з в. Дывін Кобрынскага р. Брэсцкай вобл. У назве танца адзначаная яго галоўная асаблівасць – рух па коле і ўсялякія кружэнні.

29) Кружок
Зап. у 1984 г. ад скрыпача Івана Пятровіча Жлукты (1910 г.н.) з в. Замшаны Маларыцкага р. Брэсцкай вобл.

30) Падушачка
Зап. у 1976 г. ад скрыпача Івана Яфімавіча Сарокі (1907 г.н.) і бубніста Рыгора Андрэевіча Семянчука (1910 г.н.) з в. Адамова Драгічынскага р. Брэсцкай вобл. Падушачка – адзін з самых распаўсюджаных старажытных карагодаў, суправаджаецца прыпеўкамі з тыповым зачынам: “Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая, / Малодачка, малодачка мая маладая.”

31) Камарыцкі
Зап. ад І.Я. Сарокі і Р.А. Семянчука. Найгрыш да сольнага імправізацыйнага танца.

32) Барыня
Зап. у 1986 г. ад скрыпача І.А. Лобача (1915 г.н.) з в. Камена Вілейскага р. Мінскай вобл.

33) Мяцеліца
Зап. ў 1972 г. ад мультыінструменталіста І.І. Лычкоўскага (1902 г.н.) з г. Чэрвень Мінскай вобл. Найгрыш выконваецца на скрыпцы.

34) Падыспан
Зап. у 1974 г ад скрыпача П.І. Герасімава (1910 г.н.) і цымбаліста М.А. Анушонка (1905 г.н.) з г.п. Езярышча Гарадоцкага р. Віцебскай вобл. У абодвух музыкаў аднолькава шырока выкарыстоўваюцца секундавыя спалучэнні гукаў, ствараючы сумесна незвычайна аскомісты гукавы каларыт. Танец створаны ў 1901 г. рускім харэографам А.А. Царманам, хутка набыў папулярнасць у Беларусі.

35) Полька “Салавей”
Зап. у 1976 г. ад скрыпачоў М.М. Семенчука (1911 г.н.) і І.П. Дранца (1924 г.н.) з вв. Гарадзец і Харомск Столінскага р. Брэсцкай вобл. У мелодыі гэтага дынамічнага і вясёлага найгрышу час ад часу гучаць імітацыі посвістаў салаўя. Партыі скрыпачоў адрозніваюцца па функцыях: у адной з іх гучыць мелодыя, а ў другой – няспынна пульсуе пругкі рытмава-гарманійны акампанемент, паддаючы тахціку.

Пётр і Марыя Ясінскія, сямейны дуэт цымбаліста і бубначкі (Менская вобл., Вялейскі р., м. Куранец)
Пётр і Марыя Ясінскія, сямейны дуэт цымбаліста і бубначкі (Менская вобл., Вялейскі р., м. Куранец)

* * *

Стваральніца складанкі “Народная інструментальная музыка Беларусі” Іна Дзмітрыеўна Назіна (1937 – 2021) ― прафесар, доктар мастацтвазнаўства, адна з асноўных даследчыкаў народнай інструментальнай музыкі беларусаў.

Допісы з папярэднімі часткамі выдання:

  1. НІМБ, ч.1 ― Найгрышы на архаічных інструментах;
  2. НІМБ, ч.2 ― Каляндарна прымеркаваныя найгрышы;
  3. НІМБ, ч.3 ― Вясельныя найгрышы.

Працяг будзе.

Падзяліцца допісам:
Bookmark the permalink.

Comments are closed.